Міністр эканомікі Беларусі хоча алмазны кластар у Якуціі

Навіны
Фото: @aisen_nikolaev

Кіраўнік Якуціі Айсен Нікалаеў і міністр эканомікі Беларусі Юрый Чабатар 8 верасня абмеркавалі пастаўкі беларускай тэхнікі, чыгуначную лагістыку, стварэнне алмазнага кластара і лічбавы кінапракат. Пра гэта паведаміла прэс-служба кіраўніка Рэспублікі Саха (Якуція).

На сустрэчы былі падведзены вынікі сёмага пасяджэння двухбаковай рабочай групы. Бакі таксама абмеркавалі рэалізацыю дамоўленасцей, дасягнутых Нікалаевым і кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрыем Крутым на Усходнім эканамічным форуме.

Якуція разглядае закупкі кар’ерных самазвалаў БелАЗ, а таксама пасажырскага, камунальнага і сельскагаспадарчага транспарту. Паводле даных прэс-службы, у тэхніцы БелАЗ зацікаўлены горназдабыўныя прадпрыемствы рэгіёна.

Асобна абмяркоўваліся прамыя чыгуначныя пастаўкі беларускіх тавараў у Якуцію і праца прадстаўніцтва «Чыгункі Якуціі» ў Мінску. Паводле слоў Чабатара, такая схема скараціла тэрмін дастаўкі да двух тыдняў.

Яшчэ адной тэмай стаў магчымы ўдзел беларускіх прадпрыемстваў у стварэнні алмазнага кластара ў Якуціі. У прыватнасці, гаворка ішла пра выкарыстанне вопыту гомельскага прадпрыемства «Крышталь» у апрацоўцы каштоўных камянёў.

Таксама бакі разгледзелі супрацоўніцтва ў сферы высокіх тэхналогій і лічбавага кінапракату.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.