Еўрапейскі шахматны саюз дапусціў да спаборніцтваў маладых шахматыстаў з Беларусі

Галоўнае
Photo by JESHOOTS.COM on Unsplash

Еўрапейскі шахматны саюз (ECU) выступіў з заявай па выніках Генеральнай асамблеі Міжнароднай шахматнай федэрацыі (FIDE), якая адбылася 14 снежня ў анлайн-фармаце, і абазначыў сваю пазіцыю адносна ўдзелу расійскіх і беларускіх шахматыстаў у міжнародных спаборніцтвах.

У апублікаванай 16 студзеня заяве ECU выказаў шкадаванне ў сувязі як з ходам пасяджэння FIDE, так і з прынятымі рашэннямі. У ECU заявілі пра «злоўжыванні працэдурай», у прыватнасці падчас галасавання па пытанні допуску расійскіх каманд, якое праходзіла шляхам тайнага галасавання. На думку саюза, абмеркаванне прапановы Англійскай шахматнай федэрацыі аб дакладным выкананні абноўленых рэкамендацый Міжнароднага алімпійскага камітэта не было дапушчана.

«Дзве іншыя прапановы, вынесеныя на галасаванне адносна Расіі і Беларусі, былі супярэчлівымі, і пасяджэнне завяршылася поўнай неразбярыхай, паколькі дэлегаты не былі ўпэўненыя, якая з дзвюх прапаноў будзе рэалізаваная. Ні адна з прапаноў не атрымала падтрымкі нават траціны федэрацый — членаў FIDE», — заявілі ў арганізацыі.

У ECU заявілі, што апублікаваныя FIDE рашэнні супярэчаць палітыцы і рэкамендацыям МАК.

«ECU будзе прытрымлівацца палітыкі МАК і зноў дапусціць беларускіх юных спартсменаў і каманды ва ўзросце да 18 гадоў да ўдзелу ў юнацкіх спаборніцтвах. Беларускія спартсмены старэйшыя за 18 гадоў маюць права ўдзельнічаць у індывідуальных спаборніцтвах пад нейтральным сцягам FIDE», — заявілі ў арганізацыі.

Акрамя таго, ECU паведаміў пра намер аказаць тэхнічную і фінансавую падтрымку Федэрацыі шахмат Украіны.

«Улічваючы шматлікія праблемы, з якімі сутыкаецца Украінская шахматная федэрацыя, у тым ліку парушэнне яе спартыўнай тэрытарыяльнай юрысдыкцыі, ECU будзе аказваць тэхнічную і фінансавую падтрымку Украінскай шахматнай федэрацыі ў знак салідарнасці, дапамагаючы падтрымліваць развіццё шахмат у краіне», — заявілі ў саюзе.

Нагадаем, 11 снежня МАК рэкамендаваў міжнародным федэрацыям не абмяжоўваць маладых спартсменаў з расійскім або беларускім пашпартам у доступе да міжнародных юнацкіх спаборніцтваў, як у індывідуальных, так і ў камандных відах спорту. Таксама МАК зняў забарону на правядзенне міжнародных спаборніцтваў у Беларусі.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны