Прадстаўнікі дыпламатычных місій Вялікабрытаніі, Украіны, Малдовы, Германіі, Еўрасаюза ў Беларусі ўсклалі кветкі да мемарыяла «Памяць» на праспекце Дзяржынскага ў Мінску ў знак павагі да памяці загінулых у Другой сусветнай вайне. Пра гэта паведамілі ў прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Беларусі.
Мемарыял пазначае месца, дзе 28 чэрвеня 1941 года 34 салдаты прынялі бой з нямецкімі войскамі. 24 з іх так і засталіся невядомымі. 8 мая 1945 года быў падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі, які паклаў канец Другой сусветнай вайне ў Еўропе.
“Мы памятаем і шануем памяць усіх, хто набліжаў дзень перамогі ў Еўропе”, — заявілі ў брытанскім пасольстве.
Пасольства Германіі ў сваім звароце нагадала, што людзі, якія пражывалі на тэрыторыі сённяшняй Беларусі, асабліва моцна пацярпелі падчас германскай вайны на знішчэнне і ў перыяд акупацыі.
“У той час як 8 мая ў ГДР з 1950 па 1967 гг. адзначалася як “Дзень вызвалення” і з’яўлялася дзяржаўным святам, у ФРГ стаўленне да гэтай даты доўгі час было неадназначным. Шырокае прызнанне гэтая дата атрымала толькі пасля выступлення тагачаснага Федэральнага Прэзідэнта Рыхарда фон Вайцзекера ў 1985 годзе з нагоды 40-й гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны, у якой ён назваў 8 мая “Днём вызвалення ад чалавеканенавісніцкай сістэмы нацыянал-сацыялістычнай тыраніі”, — адзначылі ў дыпмісіі.
“Гэтыя словы згадаў Федэральны прэзідэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер у сваёй прамове ў Германскім Бундэстагу 8 мая 2025 года з нагоды 80-годдзя вызвалення ад нацыянал-сацыялізму і заканчэння Другой сусветнай вайны: “8 мая як дзень вызвалення стала ядром нашай агульнагерманскай ідэнтычнасці. Аднак сённяшняе 8 мая мы не сустракаем са спакойнай упэўненасцю. Бо мы адчуваем: свабода не ёсць грандыёзны фінал гісторыі.
Свабода не гарантаваная на ўсе часы. Таму сёння нам больш не даводзіцца задаваць сабе пытанне пра тое, ці стала 8 мая для нас вызваленнем. Адказ на гэтае пытанне дадзены, і ён застаецца правільным. Аднак мы павінны задацца пытаннем, як нам застацца свабоднымі?”, — гаворыцца ў паведамленні пасольства.







