Двое мужчын памерлі ад атручвання наркатычнымі рэчывамі ў Мінску

У Мінску двое мужчын памерлі ад атручвання наркотыкамі. Аднаго з іх знайшла на лесвічнай пляцоўцы жонка. Другі доўгі час не выходзіў на сувязь.

Першы выпадак адбыўся 20 красавіка. Жанчына выявіла свайго мужа без прытомнасці на лесвіцы ў пад’ездзе шматпавярховага дома. Яна выклікала хуткую дапамогу і паспрабавала самастойна прывесці мужа ў прытомнасць да прыезду медыкаў. Пасля правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў медыкі, якія прыбылі, канстатавалі смерць мужчыны, паведамляе Следчы камітэт.

На целе мужчыны выявілі свежы след ад ін’екцыі, а ў кішэні штаноў — пустую ўпакоўку ад шпрыца. Сам шпрыц з біялагічнымі слядамі загінулага знайшлі каля смеццевага кантэйнера.

Судова-медыцынская экспертыза ўстанавіла, што мужчына памёр у выніку вострага камбінаванага атручвання асабліва небяспечнымі наркатычнымі сродкамі і псіхатропнымі рэчывамі.

Другі выпадак адбыўся з 44-гадовым мужчынам. Ён некалькі дзён не выходзіў на сувязь з блізкімі. Да яго дадому прыехала маці і выявіла сына без прыкмет жыцця. Медыкі, якія прыбылі, канстатавалі смерць.

На першы погляд здавалася, што прычынай смерці мінчаніна стала захворванне, аднак судовыя эксперты ўстанавілі, што ён памёр ад вострага атручвання наркатычным сродкам.

У абодвух выпадках узбуджаная крымінальная справа паводле ч. 5 арт. 328 (“Незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне і перавозка асабліва небяспечных наркатычных сродкаў у буйным памеры, учыненыя арганізаванай групай, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека”).

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.