Памерла Святлана Курс – пісьменніца, якая стварала Беларусь. Аўтарка адной з наймацнейшых кніг ХХІ стагоддзя “Па што ідзеш, воўча?” – кнігі, якая выйшла ў самы чорны час, каб правёўшы праз крывавыя падзеі беларускай гісторыі, падарыць людзямі надзею. Цяжка зараз прыняць смерць Святланы – яе змаганне з хваробай было пакутлівым (яна захварэла на рак), але настолькі адважным, што не верылася, не хацелася верыць, што яна не адужае.
Зараз узгадваюцца яе апошнія сустрэчы з чытачамі, на якіх яна жартавала і дзялілася сваім думкамі, як шмат людзей на іх было, як віталі пісьменніцу і любілі. Як Святлана распавядала пра Беларусь, і як яна пераўтваралася ў мову, і давала магчымасць убачыць саміх сабе і нашу адметнасць сваімі вачыма.
Знайшлі ў архівах Reform.news інтэрв’ю з пісьменніцай, у якой яна распавядала пра сваю наступную кнігу. Лаўрэатка Прэміі Гедройця знішчыла яе, калі даведалася пра хваробу. Гутарка адбылася пасля ўручэння адной з Прэмій Гедройця – Святлана была тады ў журы, а пераможцам стаў «Невядомы Менск» Сяргея Абламейкі.
***
– Вы сказалі, што для вас важна дыхаць паветрам радзімы. Што вам як пісьменніцы не хапае тут, у Польшчы, што засталося ў Беларусі?
– Мне важна бачыць, як змяняюцца людзі, з’яўляюцца новыя сацыяльныя трэнды. Якія тавары ляжаць на паліцах…
– То-бок нейкія дробязі, недасяжныя праз экран манітора?..
– Так, недасяжныя менавіта дробязі, аднак яны і фармуюць нашае жыццё. Там дабудавалі вуліцу, тут пабачылі машыны новай маркі, тут прадаюць нейкі асаблівы алей, а там знікла любімае віно, а тут з’явіліся нейкія рэдкія тавары, якія ўвайшлі ў гарадскі фальклор, у штодзённую мову… Новыя фільмы абмяркоўваюцца. Гэта і ёсць тканка штодзённага жыцця, вельмі важная для літаратара. Калі ты пішаш гістарычную кнігу, заснаваную на архіўных звестках, гэта адно. У эмігранцкіх варунках напісаць кнігу пра жыццё немагчыма: каб чытач убачыў у ёй адбітак свайго лёсу, трэба каб пісьменнік быў са сваім народам.
– Разважаючы пра сучасную беларускую літаратуру, немагчыма абмінуць паняцце траўмы… Мы яшчэ не паспелі перапрацаваць усе нашы гістарычныя траўмы, а тут нас накрылі падзеі 2020–2022 гадоў – параза мірнай рэвалюцыі, абвінавачанні ў саўдзеле ў вайне. Як хутка і ці ўвогуле магчыма тое, што мы перапрацуем усе нашы нацыянальныя траўмы? І наколькі важна займацца гэтай няўдзячнай працай – чытаць жа ў выніку будуць больш лёгкія творы?
– Я мяркую, што прапрацоўваць траўмы трэба комплексна. Гэта значыць, што трэба звяртаць увагу і на шчаслівыя бакі нашага жыцця. Бо калі мы зоймемся толькі траўмамі, то беларуская літаратура зробіцца цяжкай, як сырая цагліна.
Часам думаю, што нават падчас Другой сусветнай вайны, калі людзей палілі ў хатах, і ў сталінскія часы нехта недзе жыў шчаслівым жыццём, а кулі і агонь яго не краналі. Нехта будаваў сядзібу, гадаваў кароўку, кахаў, жаніўся, купляў ялінку ці прывозіў яе з лесу. У яго раслі дзеці, радасць была ў хаце. Сервізы набываў…
– Проста як у кнізе «Мы з Санькам у тыле ворага»…
– Так, досвед страшны, а кніжка светлая. Трэба звяртаць увагу на светлыя бакі жыцця, таму што займацца толькі траўмай – як есці ўвесь час толькі чорны хлеб.
– Ваша кніга «Па што ідзеш, воўча?» якраз жа пра чорны хлеб.
– Я б так не сказала. Там і пра моц. Ёсць такая прыказка: дождж не дубіна, а мы не гліна. Траўма гэта не такая рэч, якая абавязкова нас заб’е.
– Маўляў, тое, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі?..
– Аднак бывае, што не – робіць слабейшымі, больш баязлівымі, абразае нам крылы і абмяжоўвае нашыя жаданні. Па-рознаму бывае. У маёй кнізе шмат любові розных відаў, часам вельмі паламанай. Мяне мая кніжка не засмучае.
– Можа нам варта павучыцца ў палякаў таму, як паслядоўна і настойліва яны перапрацоўваюць свае траўмы? Як пастаянна да іх звяртаюцца…
– Не, у іх усё па-іншаму адбываецца. Палякі засяроджаны на захаванні памяці, самых найдрабнейшых яе фрагментаў… Рэч ідзе не пра траўму, а пра імкненне не забываць сваіх несправядліва забітых. Пра тое, што ёсць тое, што нельга дараваць. Тое, што трэба памятаць праз пакаленні, каб яно не паўтарыліся. І тут вельмі важна назіраць: ці змянілася цывілізацыя крыўдзіцеляў, ці не змянілася. Таму што калі яна не змянілася, то яны прыйдуць заўтра і паўтораць Катынь. Толькі зробяць так, як зрабілі ў Курапатах, каб не засталося слядоў, каб не знайшлі ў ямах польскіх прадметаў. Усе ж ведаюць, што пад Курапатамі стралялі таксама і палякаў, 900 прозвішчаў узнавілі, а польскіх рэчаў не знайшлі. Так што палякі падыходзяць да сваіх траўмаў з розумам, з годнасцю і з разлікам. Яны не рвуць на сабе валасы.
– Такая праграма і нам падыдзе – нічога не забываць.
– Безумоўна!
– Наколькі літаратура можа быць уплывовай у нашым грамадстве? Той жа Сяргей Абламейка на эйфарыі пасля мітынгаў 2020-х прыйшоў да высновы, што ніводны радок на беларускай мове не быў напісаны дарэмна.
Гэта заўважылі і нашыя, так бы мовіць, апаненты. Намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі выдаў сентэнцыю пра небяспеку кніг: «Великое счастье, что у нас есть воля, сила, понимание и сознание того, что это страшнейшее мощнейшее оружие. Я говорю о книгах. Недопонимание того, что книга — гораздо более мощное оружие, чем ракеты и танки, приводит к тому, что приходится применять ракеты и танки». І яшчэ, не менш адыёзнае: «Элиты составляют 5% общества, они читают книги и влияют на процессы. Если мы упустим это направление, у нас не будет будущего». Ну і пасля пра тое, што сілавыя структуры ў гэтым ім дапамогуць…
– Канечне ўпусцяць!
– І я так лічу. Аднак што мы можам рабіць са свайго боку ў гэтай культурнай вайне? На радзіме і за яе межамі?
– Працягваць працу, нягледзячы на перашкоды, любымі спосабамі, кожны на сваім месцы, на радзіме пад псеўданімам – вада шлях знойдзе.
Бо з чым тут змагацца? Бузоўскі высоўвае галоўны тэзіс фашызму: любая культура – вораг. І няпраўда, што кніга – гэта зброя. Кніга – гэта мір і свабода. Калі гэта сапраўды кніга, а не тое, што Гітлер напісаў, ці непісьменнае трызненне Праханава з Дугіным. Бузоўскі ідзе па фашысцкай сцежцы, калі разважае, што трэба дэнацыфікаваць Беларусь, каб ператварыць яе ў частку «русского мира».
А што такое «русский мир» – гэта фашызм у яго найбольш прымітыўнай і антычалавечнай форме.
У іх нічога не атрымаецца, таму што фашызм нічога вартаснага не спараджае, толькі заскарузлую брыдоту, якая ім падабаецца.
Расійская цывілізацыя пацярпела найстрашнейшае паражэнне, пацярпелі паражэнне тыя, хто прыкрываўся Дастаеўскім і Талстым і разважалі пра вялікую літаратуру. Чаго вартая вялікая літаратура, калі яна не можа выхаваць нармальны народ? Значыць, гэта літаратура мае ў сябе нешта ўломнае. Германія ў сваіх вычварных формах праіснавала некалькі дзясяткаў гадоў, а расійская цывілізацыя застаецца чалавеканенавісніцкай праз усю сваю гісторыю, а гэта азначае, што яе культура церпіць паразу.
– Як змянілася вашае жыццё з атрыманнем прэміі Гедройця?
– Моцна змянілася. Я пусціла гэтую прэмію на тое, каб выправіць свае фінансавыя праблемы і купіць сабе пару вельмі прыемных рэчаў. Гэта прагматычны бок узнагароды.
А па-другое, мне было вельмі міла, што маю працу ацанілі! Любоў да Бацькаўшчыны нас усіх аб’яднала: людзі прачыталі маю кнігу, пазналі сваіх бабулек, згадалі іх прыказкі-прымаўкі і забабоны. Згадалі пра сваю зямлю і паспрабавалі ўзнавіць лёс свайго роду.
Мы дасюль нібыта дзелімся адно з адным змесцівам нашых сямейных альбомаў, расказваем сямейныя гісторыі… Вакол кніжкі паўстае новы кантэкст, і ў мяне атрымалася вельмі цікавая жыццёвая прыгода, у якую я ўвайшла разам са сваімі чытачамі, сваімі суайчыннікамі.
– То-бок вам пастаянна пішуць?
– Так, вельмі шмат.
– На такім багатым матэрыяле можна некалькі новых кніг напісаць…
–Ох, я цяжка пішу кнігі. Я мусіла здаць новую ў гэтым годзе і нават яе напісала. Але я бачу, што яна ўсё яшчэ легкаважная. Гэта ўсё яшчэ не гатовы прадукт, а мне не хочацца выдаваць паўфабрыкат. Бо я часта заўважаю, што людзі маюць геніяльную задуму і добры талент, а выдаюць паўфабрыкат. І ты чытаў бы гэту кніжку з вялікай асалодай, але бачыш фанеру, клей і тэатральныя падмосткі замест жывога жыцця.
Калі б пісьменнікі выдаткоўвалі на свае кнігі дастаткова часу і мелі добрага рэдактара, то нашмат больш з’яўлялася б шэдэўраў у беларускай літаратуры.
І свае недахопы я бачу – і ў першай, і ў другой, і ў гэтай трэцяй кнізе, калі яна будзе дароблена. Так што не ведаю, калі выйдзе наступная кніжка, пакуль накопліваю ўнутраны матэрыял.
– То чакаем з нецярплівасцю…
***
Святлана Курс – беларуская пісьменніца і журналістка, перакладчыца. Нарадзілася ў 1972 годзе ў вёсцы Загалле Люблінскага раёна. Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Працавала ў «Нашай Ніве» і на «Еўрарадыё», была галоўнай рэдактаркай часопіса Беларускага Хельсінкскага камітэта «Чалавек», пісала для «Свабоды», «Архе», «Дзеяслова» і іншых выданняў.
Аўтарка стала вядомая праз дзве кнігі – «Шлях дробнай сволачы» і «Па што ідзеш, воўча?», якія выйшлі пад псеўданімам Ева Вежнавец. Лаўрэатка Прэміі Гедройця за «балотную казку» «Па што ідзеш, воўча?» (2021). Твор быў перакладзены на нямецкую, чэшскую, літоўскую, англійскую, польскую, нарвежскую, шведскую і дацкую мовы.
Святлана пісала свой «Па што ідзеш, воўча?» десяць гадоў. Сюжэтна кніга распавядае пра вяртанне галоўнай героіні Рыны — алкагалічкі сярэдніх гадоў — у Беларусь — на радзіму, на пахаванне сваёй бабкі. Але, насамрэч, як і належыць балотнай казцы, апавяданне заводзіць у невядомае месца, дзе чытач правальваецца ў вір гісторыі. На прыкладзе жыцця адной невядомай «забытай богам глушэчы» разварочваецца страшная, паганская гісторыя змены ўладаў у Беларусі ХХ стагоддзя. Палякі, красныя, калектывізацыя, ІІ сусветная, і яўрэйскія пагромы-масакры ад сваіх ды чужых. Мова як кіпень, як замова, як гаротны плач, як тая самая страшная казка. У стопяцідзесяцістаронкавым рамане Евы Вежнавец Беларусь паўстае краем гора, болі, пралітай крыві і забыцця, краем прыгажэйшых і дзіўных імёнаў і мянушак, назваў месцаў і лапікаў, краем на краі. Часам, каб вымавіць усе тое, праз што прайшоў беларускі люд, трэба як галоўная гераіня Рына — сыйсці ў стан памежны, занурыцца ў мову і гісторыю як у напой, градус моцнасці якога з кожнай старонкай толькі расце. «Па што ідзеш, воўча?» — кніга, якая вярнулася да нас, як тое саме балота, якое не толькі губіць і прыгнятае, але захоўвае і ратуе.
Якое часам з вады і глебы абарочваецца ў паветра.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram