Святлана Ціханоўская падзякавала міністру замежных спраў Украіны Андрэю Сібігу за заявы адносна санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі. Лідар дэмсіл назвала дзеянні ўкраінскага боку “прынцыповымі і рашучымі” і заявіла, што сумесныя намаганні прывядуць да міру ва Украіне і свабоды ў Беларусі.
“Беларусь належыць Еўропе. Я дзякую Украіне і міністру замежных спраў Андрэю Сібігу за сённяшнія прынцыповыя і рашучыя дзеянні супраць злачыннага рэжыму Лукашэнкі, саўдзельніка агрэсіўнай вайны Расіі. Нашы сумесныя намаганні прынясуць справядлівасць, мір Украіне і свабоду Беларусі”, – напісала палітык у X.
Нагадаем, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 18 лютага ўвёў санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Санкцыі ўведзены, у тым ліку, за разгортванне ў Беларусі сістэмы рэтранслятараў для кіравання ўдарнымі дронамі і прадугледжваюць пазбаўленне Лукашэнкі дзяржаўных узнагарод Украіны, блакіроўку актываў, абмежаванне гандлёвых аперацый, абмежаванне транзіту, забарону на ўдзел у прыватызацыі і інш.
Ціханоўская прывітала ўвядзенне санкцый, заявіўшы, што свабодная Беларусь ніколі не будзе пагражаць Украіне або Еўропе.
Сібіга назваў санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі адэкватнай рэакцыяй, заклікаў краіны-партнёры аказаць ціск на Лукашэнку і выказаў упэўненасць у еўрапейскай будучыні беларускага народа.
