Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга назваў санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі належнай рэакцыяй, заклікаў краіны-партнёры аказаць ціск на Лукашэнку і выказаў упэўненасць у еўрапейскай будучыні беларускага народа.
«Сённяшнія санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і яго рэжыму з’яўляюцца належнай, неабходнай і адэкватнай рэакцыяй на гібрыдныя і пагрозы бяспецы, якія яны ўяўляюць для Украіны і астатняй Еўропы.
Рэжым у Мінску з’яўляецца саўдзельнікам злачынства агрэсіі Расіі супраць Украіны. Ён прадаставіў сваю тэрыторыю для нападу і працягвае дапамагаць Маскве ў яе генацыднай вайне супраць Украіны — рэсурсамі, кампанентамі, матэрыяламі, абыходам санкцый і нават сістэмай рэтрансляцыйных станцый для кіравання ўдарнымі дронамі», — заявіў Сібіга.
МЗС Украіны заклікае партнёраў рушыць услед за прыкладам Украіны і аказаць ціск на Лукашэнку.
«Мы заклікаем партнёраў рушыць услед нашаму прыкладу і забяспечыць, каб Лукашэнка падвергся адэкватнаму ціску за свае злачынствы разам з Уладзімірам Пуціным, за прыгнёт беларускага народа і за тое, што ён пазбаўляе пакаленні беларусаў магчымасцей і будучыні», — лічыць Сібіга.
Украінскі МЗС заявіў, што Украіна гатова прыняць дэмакратычную Беларусь у Люблінскі трохкутнік разам з Польшчай і Літвой.
«Мы верым у еўрапейскую будучыню беларускага народа пасля таго, як ён вызваліцца ад прыгнёту Лукашэнкі. У будучыні мы будзем гатовыя прыняць дэмакратычную Беларусь у фармаце Люблінскі трохкутнік разам з Польшчай і Літвой. Беларусь належыць Еўропе, а не «рускаму міру», — заявіў кіраўнік украінскага МЗС.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 18 лютага ўвёў санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Санкцыі ўведзены, у тым ліку, за разгортванне ў Беларусі сістэмы рэтранслятараў для кіравання ўдарнымі дронамі і прадугледжваюць пазбаўленне Лукашэнкі дзяржаўных узнагарод Украіны, блакіроўку актываў, абмежаванне гандлёвых аперацый, абмежаванне транзіту, забарону на ўдзел у прыватызацыі і інш.
