Святлана Ціханоўская прывітала ўвядзенне прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім персанальных санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі. Адпаведны ўказ Зяленскі падпісаў сёння.
“Я вітаю рашучыя санкцыі Украіны супраць дыктатара Лукашэнкі за яго непасрэдную ролю ў вайне Расіі.
Ён — незаконны ўзурпатар і ваенны злачынца, які ператварыў нашу краіну ў ваенную базу агрэсіі.
Свабодная Беларусь ніколі не будзе пагражаць Украіне або Еўропе”, – напісала яна ў сетцы Х.
Крыху пазней Офіс Ціханоўскай распаўсюдзіў яе пашыраную заяву.
«Гэта правільнае і своечасовае рашэнне Украіны. І я дзякую прэзідэнту Зяленскаму за прынцыповую пазіцыю. Лукашэнка не з’яўляецца легітымным кіраўніком: ён незаконна захапіў уладу і служыць інтарэсам Расіі, а не беларускаму народу. Беларускі народ стаў закладнікам двух дыктатараў.
Уведзеныя Украінай санкцыі — гэта санкцыі супраць дыктатара асабіста. Ён дапамагае Расіі ў злачыннай вайне, вырабляе зброю і, безумоўна, павінен панесці за гэта адказнасць згодна з міжнародным правам. Гэта таксама выразнае пасланне тым, хто атачае Лукашэнку: дапамагаючы яму, вы становіцеся саўдзельнікамі злачынстваў. Беспакаранасць — тое, што ўзмацняе дыктатараў. І сёння Украіна паказала, што беспакаранасці быць не павінна.
Вайна павінна быць спыненая, а мір і справядлівасць — адноўленыя», – заявіла Ціханоўская.
Нагадаем, Украіна на працягу апошніх гадоў праводзіла дастаткова асцярожную палітыку ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Аднак у студзені ў Вільнюсе адбылася паўнавартасная сустрэча Святланы Ціханоўскай і Уладзіміра Зяленскага. Пасля яе было абвешчана, што ва Украіне будзе прызначаны спецыяльны ўпаўнаважаны для ўзаемадзеяння з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Зяленскі таксама запрасіў Ціханоўскую наведаць Кіеў.
