194 заявы аб прызнанні размешчанай у сетцы інфармацыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» накіравалі летась у суды органы пракуратуры Магілёўскай вобласці.
Прызнаная судамі па заявах пракурораў «экстрэмісцкай» інфармацыйная прадукцыя размяшчалася на наступных інтэрнэт-рэсурсах:
- TikTok – 45;
- Instagram – 36;
- YouTube – 26;
- Telegram-чаты і каналы – 24;
- Facebook, «Вконтакте», «Одноклассники», «Х» – 13.
Па заявах пракурораў суды таксама прызналі «экстрэмісцкімі» 9 сайтаў і адно друкаванае выданне.
У якасці прыкладу прыводзіцца выпадак, калі пракуратура выявіла канал на YouTube, на які былі падпісаныя больш за 33 тысячы чалавек.
«На інтэрнэт-рэсурсе размяшчаліся відэаматэрыялы, накіраваныя на абразу, падрыў аўтарытэту і іміджу кіраўніка дзяржавы, а таксама якія прадстаўляюць у негатыўным святле падзеі сацыяльнага і палітычнага жыцця Рэспублікі Беларусь», — заявілі ў прэс-службе Генпракуратуры.
У выніку пасля разгляду заявы пракуратуры Магілёўскай вобласці суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў інфармацыйную прадукцыю канала «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Рэсурс трапіў у рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У пракуратуры таксама заявілі пра выпадкі блакавання інтэрнэт-рэсурсаў «у мэтах барацьбы з экстрэмізмам». У 2025 годзе па пастановах пракурора вобласці абмежаваны доступ да 9 рэсурсаў.
Нагадаем, беларускія ўлады выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для пераследу палітычных апанентаў і іншадумства ў цэлым.
