Больш за 30 беларусак — былых палітвязняў аб’ядналіся ў ініцыятыву “Побач”

Навіны
Иллюстрация: @pobach.association

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня пачала працу грамадзянская ініцыятыва «Аб’яднанне жанчын-палітвязняў “Побач». У яе ўвайшло больш за 30 жанчын, расказалі Reform.news ініцыятаркі.

Не ўсе жанчыны, удзельніцы ініцыятывы, гатовы дзейнічаць публічна. Прадстаўляць “Побач” будуць Вольга Філатчанкава, Алана Гебрэмарыям і Алеся Буневіч.

На дадзены момант «Побач» не мае афіцыйнай рэгістрацыі і дзейнічае як грамадзянская ініцыятыва.

“Ініцыятыва ствараецца жанчынамі, якія прайшлі зняволенне ў калоніі, каб падтрымліваць адна адну і аб’ядноўваць намаганні ў абароне правоў і годнасці жанчын, што сутыкнуліся з палітычным пераследам”, — растлумачылі яны.

Паводле слоў прадстаўніц “Побач”, мэтай аб’яднання з’яўляецца “стварэнне супольнасці ўзаемнай падтрымкі для былых жанчын-палітвязняў, іх блізкіх і ўсіх, хто не застаецца абыякавым да праблемы палітычна матываваных рэпрэсій”.

Ініцыятыва плануе развіваць праграмы псіхалагічнай і сацыяльнай падтрымкі, інфармацыйныя кампаніі, а таксама ствараць прастору для салідарнасці і ўзаемадапамогі.

«Побач» імкнецца зрабіць галасы жанчын, якія перажылі зняволенне і ціск, больш чутнымі. Удзельніцы ініцыятывы будуць дзяліцца сваім досведам, падтрымліваць тых, хто ўсё яшчэ знаходзіцца за кратамі, і садзейнічаць таму, каб гісторыі гэтых жанчын не былі забыты», — расказалі ў ініцыятыве.

Сярод асноўных напрамкаў дзейнасці:

  • узаемная падтрымка і рэабілітацыя былых зняволеных;
  • псіхалагічная дапамога;
  • інфармацыйная і праваабарончая дзейнасць;
  • развіццё сеткі салідарнасці.

Ініцыятыва адкрыта да супрацоўніцтва з праваабарончымі арганізацыямі, грамадзянскімі ініцыятывамі і ўсімі, хто гатовы падтрымаць жанчын, пацярпелых ад палітычнага пераследу.

Назва «Побач» сімвалізуе галоўную каштоўнасць аб’яднання — быць побач адна з адной у самых складаных абставінах і не пакідаць нікога сам-насам з выпрабаваннямі.

У ініцыятывы ёсць інстаграм-старонка @pobach.association.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.