У Мексіцы ліквідаваны кіраўнік наркакартэля «Новае пакаленне Халіска» (CJNG) Немесіа Осегера Сервантэс, таксама вядомы як Эль Менча.
Аперацыю супраць картэля правялі мексіканскія вайскоўцы. Эль Менча ўкрываўся ў горадзе Тапальпа на ціхаакіянскім узбярэжжы Мексікі ў штаце Халіска. Падчас перастрэлкі чацвёра баевікоў былі забітыя на месцы, яшчэ трое, уключаючы Сервантэса, атрымалі цяжкія раненні. Усе яны памерлі падчас транспартавання ў Мехіка.
Пасля гібелі Эль Менчы ў дзевяці штатах Мексікі пачаліся беспарадкі. Члены картэля пачалі помсціць за забойства свайго лідара. Яны сталі блакіраваць дарогі ў гарадах, падпальваць аўтобусы і нават самалёты на мясцовых аэрадромах.
Як паведамляе Reuters, да аперацыі таксама датычная спецыяльная група, курыруемая ваенным ведамствам ЗША. У Аб’яднаную міжведамасную мэтавую групу па барацьбе з наркакартэлямі ўваходзяць прадстаўнікі некалькіх службаў. Яны займаюцца зборам разведвальнай інфармацыі пра наркакартэлі. Паводле інфармацыі агенцтва, група перадала звесткі пра наркабарона, але аперацыю правялі выключна мексіканскія вайскоўцы. Крыніца Reuters у мексіканскім урадзе заявіла, што аперацыя была распрацавана і ажыццёўлена ўласнымі сіламі і ніводзін амерыканскі вайсковец фізічна ў ёй не ўдзельнічаў.
Раней ЗША абвясцілі ўзнагароду ў 15 млн долараў за інфармацыю, якая прывядзе да арышту Эль Менчы.
Перадачу інфармацыі мексіканскаму боку таксама пацвердзіла прэс-сакратар Белага дома Кэралайн Левіт.
“Злучаныя Штаты аказалі разведвальную падтрымку мексіканскаму ўраду падчас аперацыі ў Тальпальпе, штат Халіска, Мексіка, у выніку якой быў ліквідаваны Немесіа «Эль Менча» Осегера Сервантэс, сумна вядомы наркабарон і лідар картэля «Новае пакаленне Халіска».
«Эль Менча» быў адной з галоўных мэтаў для мексіканскага і амерыканскага ўрадаў як адзін з асноўных кантрабандыстаў фентанілу на нашу радзіму. У мінулым годзе прэзідэнт Трамп справядліва прызнаў картэль «Новае пакаленне Халіска» замежнай тэрарыстычнай арганізацыяй — бо гэта менавіта так і ёсць. Падчас гэтай аперацыі былі забіты яшчэ тры члены картэля, трое атрымалі раненні, а двое былі арыштаваныя.
Прэзідэнт Трамп ясна даў зразумець: Злучаныя Штаты забяспечаць, каб наркатэрарысты, якія пастаўляюць смяротна небяспечныя наркотыкі на нашу радзіму, панеслі пакаранне, якога яны даўно заслугоўваюць.
Адміністрацыя Трампа таксама выказвае ўдзячнасць і падзяку мексіканскім вайскоўцам за супрацоўніцтва і паспяховае правядзенне гэтай аперацыі”, — паведаміла яна.


