Беларускія падаткавікі намякаюць на блакіроўку Spotify

Галоўнае
Фото: Luis Villasmil / Unsplash.com

У Telegram-канале беларускага Міністэрства па падатках і зборах з’явіўся допіс з намёкам на блакіроўку Spotify.

МПЗ мае паўнамоцтвы абмяжоўваць доступ да замежных рэсурсаў, калі кампаніі, якія валодаюць імі, не выплачваюць ПДВ з продажаў у Беларусі.

«Банальна, але замежная кампанія, якая не выплаціла ў бюджэт падаткі з сум выручкі, атрыманай ад беларускіх меламанаў, можа быць пазбаўлена магчымасці распаўсюджваць свой кантэнт у Беларусі. Як думаеце, надоўга? Да моманту пагашэння запазычанасці па падатках. Своеасаблівая „Дошка ганьбы“ ёсць на сайце МПЗ. Зазірніце туды.

Вядома, мы ўжо прадбачым абурэнне меламанаў: «Ну нельга ж так рэзка!!!». Аднак з такім даўжніком папераджальная праца — інфармаванне, папярэджанне, перакананне, растлумачэнне — праводзіцца на працягу паўгода да моманту адключэння сэрвісу. Але навошта замежнай кампаніі, скажам, шведскай, клапаціцца пра якасць сэрвісу, калі падпісчыкі заплацілі наперад, і іх прэтэнзіі задавальняць яна не збіраецца. Дзе Швецыя, а дзе Беларусь. Туды не ходзяць цягнікі і не лётаюць самалёты», — гаворыцца ў паведамленні МПЗ.

Пры гэтым у адпаведным спісе інтэрнэт-рэсурсаў на момант публікацыі навіны адсутнічае згадка пра Spotify. А апошні запіс там датуецца летам мінулага года.

У МПЗ абяцаюць, што працяг допісу будзе.

«У якасці суправаджальнага трэка да дэклараванага замежнай кампаніяй лозунгу „Слухайце тое, што хочацца, або дайце магчымасць выбару нам — мы пастараемся вас здзівіць“ хочацца выбраць рэквіем…», — дадалі ў міністэрстве.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.