Беларускія дзяржорганы прасілі Расію аддаць украінскія радовішчы кааліну ў Данецкай вобласці

Галоўнае
Фото: ОАО "Керамин"

“Укринформ” апублікаваў расследаванне аб пастаўках сыравіны для беларускіх вытворцаў керамічнай пліткі з акупаваных тэрыторый Украіны. Яно было праведзена сумесна з ініцыятывай былых беларускіх сілавікоў BELPOL.

У расследаванні раскрываецца схема паставак кааліну з радовішча Белая Балка ў Валнавахскім раёне беларускім прадпрыемствам “Керамін” і “Бярозабудматэрыялы”. Пастаўкамі займалася зарэгістраванае ў Данецку ТАА “Ніка Трэйд Інвест”. Яно ж распрацоўвае радовішчы з выкарыстаннем захопленых актываў украінскіх прадпрыемстваў “Донбаснерудпром” і “Донбаскераміка”.

“Ніка Трэйд Інвест” выступае прадаўцом і грузаадпраўнікам. Фармальным пакупніком з’яўляецца ТАА “Ніка”, зарэгістраванае ў Растове-на-Доне. Атрымальнікам з’яўляецца ААТ “Керамін”. Каалін па чыгунцы адпраўляецца з Харцызска і Валнавахі ў Расію, а далей у Беларусь на станцыю Мінск-Паўднёвы. У расследаванні прыводзяцца дакументы, якія пацвярджаюць адпраўку тысяч тон сыравіны. Па падобнай схеме яго атрымлівае і “Бярозабудматэрыялы”, толькі ў ёй адсутнічае растоўская “Ніка”. Паводле ацэнкі BELPOL, аб’ём паставак перавышае 600 млн расійскіх рублёў (каля 7,5 млн долараў) – гэта толькі частка паставак, якую ўдалося пацвердзіць.

У расследаванні прыводзіцца і яшчэ адзін дакумент. З яго вынікае, што яшчэ ў 2023 годзе беларускія чыноўнікі пачалі перамовы з Расіяй аб перадачы ў арэнду “Кераміну” радовішчаў у раёне Дружкоўкі ў Данецкай вобласці. Яны належаць украінскаму прадпрыемству “Веско” і на момант перамоваў заставаліся пад кантролем Украіны. Пад украінскім кантролем радовішчы застаюцца і цяпер.

У лісце Мінбудархітэктуры, накіраваным на імя Аляксандра Лукашэнкі ў 2024 годзе, гаворыцца, што па выніках прапрацоўкі перадачы радовішча з расійскім бокам “разгляд названага пытання прызнаны заўчасным па прычыне знаходжання маёмаснага комплексу на непадкантрольнай тэрыторыі”.

Міністэрства тады распарадзілася падрыхтаваць новы пакет дакументаў і зноў хадайнічаць аб перадачы радовішча. Аднак па выніках кансультацый з «Фондам развіцця тэрыторый» атрыманы аналагічны адказ: у выпадку афіцыйнага прадстаўлення хадайніцтва на яго будзе дадзены адмоўны адказ «па аналагічных прычынах адмовы, атрыманай у 2023 годзе».

Беларускія дзяржорганы прасілі Расію аддаць украінскія радовішчы кааліну ў Данецкай вобласці

На гэтым беларускія чыноўнікі не спыніліся. У маі 2024 года на імя дырэктара «Фонда развіцця тэрыторый» быў накіраваны запыт аб арганізацыі сустрэчы. На гэта фонд адказаў адмовай, на гэты раз указаўшы, што “з боку расійскіх кампаній назіраецца павышаная цікавасць” да аб’екта і ён будзе перададзены ў кіраванне “у рамках адкрытага конкурсу”.

Пасля гэтага ў Мінску вырашылі падрыхтаваць зварот на ўзроўні ўрадаў. У лісце, накіраваным Лукашэнку, гаворыцца, што работа па дасягненні дамоўленасцяў будзе працягнута Міністэрствам будаўніцтва і архітэктуры.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.