Грамадзянін Беларусі спрабаваў увезці ў Польшчу кантрабандныя цыгарэты, а калі іх знайшлі, напаў на польскага мытніка.
Беларус перасякаў беларуска-польскую мяжу на аўтамабілі Land Rover праз пункт пропуску «Тэрэспаль». Падчас праверкі польскія мытнікі знайшлі тайнікі ў аўтамабілі, у якіх знаходзілася больш за 1100 пачак цыгарэт, паведамляе Люблінскае мытна-падатковае ўпраўленне ў Бяла-Падлясцы.
Падчас праверкі беларус напаў на мытніка. На месца здарэння выклікалі паліцыю.
У дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа за кантрабанду. Яго аўтамабіль канфіскавалі. Таксама яму прад’явілі абвінавачанне ў парушэнні цялеснай недатыкальнасці дзяржаўнага службоўцы. Гэтае злачынства прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі. Супрацоўнікі мытні накіравалі ў памежную службу Польшчы запыт на дэпартацыю беларуса.

