Беларусь і Расія падпісалі міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы дзейнасці з каштоўнымі металамі, каштоўнымі камянямі і вырабамі з іх. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе расійскага Мінфіна. Пагадненне падпісана намеснікамі міністраў фінансаў Беларусі і Расіі Аляксандрам Суднікам і Аляксеем Маісеевым. Вынікам яго рэалізацыі павінен стаць агульны рынак ювелірных вырабаў.
Дакумент прадугледжвае ўзаемнае прызнанне дзяржаўных прабірных клеймаў, што наносяцца на ювелірныя і іншыя вырабы з каштоўных металаў, а таксама ўзаемнае прызнанне маркіроўкі такіх вырабаў. Ювелірныя вырабы з прабірным кляймом і маркіроўкай адной краіны не будуць падлягаць абавязковаму дадатковаму клеймаванню і маркіроўцы ў другой. Гэта будзе забяспечана за кошт інтэграцыі расійскай інфармацыйнай сістэмы ДМДК і беларускай ІС «Электронны знак».
«Мы праводзім планамерную працу па ўмацаванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Падпісанае Пагадненне фарміруе спрыяльныя ўмовы для трансгранічнага гандлю ювелірнымі вырабамі. Яно будзе спрыяць аблягчэнню працы суб’ектаў гаспадарання пры рэалізацыі ювелірных вырабаў. Рэалізацыя Пагаднення дазволіць забяспечыць узаемнае прызнанне дзяржаўных прабірных клеймаў і сродкаў ідэнтыфікацыі», — сказаў Аляксандр Суднік.
«Стварэнне агульнага рынку ювелірных вырабаў паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь — гістарычная падзея. Узровень узаемнага даверу, кааперацыі, а таксама інтэграцыі нашых сістэм кантролю за абаротам каштоўных металаў і каштоўных камянёў сведчыць пра тое, што мы можам забяспечыць абарону расійскіх і беларускіх вытворцаў і спажыўцоў у межах поўнай інтэграцыі і ўзаемапранікнення тавараў з нашых краін», — адзначыў Аляксей Маісееў.