З-за сходу вагонаў у грузавым цягніку на тэрыторыі Літоўскіх чыгунак затрымліваюцца пасажырскія цягнікі на Калінінградскім напрамку, паведамляе Беларуская чыгунка.
Затрымкі закранулі 5 цягнікоў: №360 Калінінград — Адлер, №148 Калінінград — Масква, №147 Масква — Калінінград, №79 Санкт-Пецярбург — Калінінград і №29 Масква — Калінінград. Па сетцы БЧ спазненне складае ад 30 хвілін да 5 гадзін.
Пасажырам цягнікоў №29, №79 і №147 на станцыях Маладзечна і Гудагай забяспечваюць пітную ваду і харчаванне. Таксама прадугледжаны медыцынская дапамога і тэхнічнае абслугоўванне рухомага складу.
Група вагонаў зносін Мінск — Масква, якая ішла ў складзе цягніка №148, 3 мая адправілася асобным цягніком №248 Мінск — Масква ў 9:49 з прыбыццём у Маскву ў 19:44.
За дадатковай інфармацыяй можна звярнуцца па тэлефоне кантакт-цэнтра БЧ: 105.
Аварыя адбылася каля 23:00 у суботу ў Каўнаскім раёне Літвы, у вёсцы Вінгітэ. З рэек сышлі лакаматыў і 4 грузавыя вагоны цягніка, які рухаўся з Дуйсбурга. Частка вагонаў перавозіла метанол, аднак, паводле паведамлення літоўскага боку, небяспечныя рэчывы ў навакольнае асяроддзе не трапілі. З-за аварыі былі заблакаваныя два суседнія шляхі шырынёй 1520 мм, што парушыла рух у напрамку Кібартай і Марыямполе. Работы па ліквідацыі наступстваў працягваюцца.