Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў не прыме ўдзел у сённяшнім нефармальным саміце СНД у Санкт-Пецярбургу. Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін ужо традыцыйна збірае краіны Садружнасці на перадкалядную сустрэчу.
Як паведамляе «Азертадж» са спасылкай на адміністрацыю азербайджанскага прэзідэнта, ён не будзе ўдзельнічаць у саміце «з-за шчыльнага працоўнага графіку». Пры гэтым у адміністрацыі нагадалі, што Аліеў рэгулярна прымае ўдзел у сустрэчах у фармаце СНД — напрыклад, ён удзельнічаў у савеце кіраўнікоў дзяржаў, які адбыўся 9–10 кастрычніка ў Таджыкістане.
Нагадаем, сёлета адносіны паміж Азербайджанам і Расіяй абвастрыліся. Напачатку года пасля пашкоджання расійскай СПА разбіўся самалёт азербайджанскіх авіяліній. У Баку не засталіся задаволеныя рэакцыяй расійскіх уладаў. Улетку адносіны паміж Масквой і Баку дадаткова напружыліся пасля дзеянняў расійскіх сілавікоў у дачыненні да прадстаўнікоў азербайджанскай дыяспары.
У выніку затрымання падазраваных расійскімі сілавікамі загінулі двое азербайджанцаў. У Азербайджане пасля гэтага быў праведзены вобшук у офісе мясцовага «Спутніка», былі затрыманыя яго супрацоўнікі. У маі Аліеў не паехаў на парад у Маскву, а ў жніўні прадстаўнікі МУС Азербайджана не сталі ўдзельнічаць у пасяджэнні савета міністраў унутраных спраў краін СНД.