Reform.news працягвае праект «Культурная Re:візія», у якім праз тэксты беларускіх крытыкаў спрабуем скласці мапу культурнага ландшафту ў Беларусі і замежжы.
Сёння наш загадкавы аўтар спадар Данінг-Кругер у сваім эсэ зазірае ў куты беларускага музычнага падполля ў Варшаве. Пакуль вялікія зоркі змагаюцца за вялікія залі, на берагах Віслы нараджаецца зусім іншая стыхія — без перфекцыянізму, але з драйвовай энергіяй выжывання. Гэта гісторыя пра музыку, якая гучыць ля ўваходаў у кебабныя і ў гаражах пад падвешанымі матацыкламі. Пра тое, як «зубры» і дэбютанты апынуліся ў адной «ладдзі роспачы», і чаму ў эміграцыі прынцып «заўсёды кажы „так“» стаў адзіным спосабам не знікнуць з радараў.
Разбіраемся, як варшаўскі андэрграўнд ператвараецца ў новую «беларускую хвалю», і чаму нам усім пара вывучыць гэтыя паролі і яўкі.

***
Андэрграўнд тут і там
Як і чым жыве андэрграўнд у Беларусі, здаецца, лепей не расказваць шырокай грамадскасці. Хто сочыць, цікавіцца, ходзіць на канцэрты, глядзіць стрымы і відэасправаздачы, той ведае. Айчыннае музычнае падполле – надта тонкая, далікатная, месцамі амаль празрыстая матэрыя, якую лепей лішні раз публічна не торгаць, каб не нашкодзіць. Хаця безумоўна, не ўсё загнана ў фармат кватэрнікаў і спеваў пад гітару ў сяброўскім коле, часам здараюцца цікавыя дазволеныя гігі з гастролькамі, афішамі, рэкламай, але сапраўды каштоўным абвесткам пра івэнты прабіваць сцяну ашалелых алгарытмаў цяжка.
А што з музыкамі, якіх вынесла з краіны? Да нядаўняга часу многіх клапаціла перадусім базавае выжыванне: легалізацыя, праца, пакой, кватэра патанней. Як уладкавацца з паўпустымі кішэнямі (у прамым і пераносным значэннях) у краіне, у якой цябе ніхто не чакаў, без прафесіі, пацверджанай адукацыі, на руінах страчаных сацыяльных сувязяў? Многіх такія прыгоды загналі ў прастору, дзе слова «творчасць» шторазу набліжалася па значэнні да слова «самагубства».
Ды час ідзе і праз колькі гадоў выгнання той-сёй змог троху ачомацца, стаць на ногі, разагнуць спіну і, мінімальна падсцяліўшы саломкі ў аснову сваёй папяровай піраміды Маслоу, знайсці сілы вярнуцца да музыкі. Зрэшты, гэта ў вялікай ступені справядліва для ўсіх творцаў. Але каму і куды гэтую творчасць на худых плячах несці і паказваць?

«Босы» і лакальныя героі ды легенды
З вядомымі дзеячамі кшталту Вольскі–Стыльскі–Навібэнд збольшага ўсё ясна, яны ў замежжы, каб з «цэлым (эмігранцкім) народам гутарку весці». Вядома, і ім давялося перафарматоўвацца, а змаганне за беларускіх слухачоў ды слухачак яны часта вядуць з амерыканскімі і еўрапейскімі зоркамі рознага маштабу, каб раз ці два на год «свае» набылі квіток не на Тэйлар Свіфт, Fontaines DC, ці стракаты свяжак у лайнапе фэстаў Open’er ды Primavera. Таксама не забывайма і пра канкурэнцыю з харошымі рускімі ад БГ да Нойза.
Але гэта ўсё гульні «босаў», нас цікавяць лакальныя героі і легенды. Гаворка не толькі пра тых, хто эміграваў маючы не абы-які музычны досвед на радзіме, але таксама пра тых, чыё станаўленне як музыкаў, паэтаў і мастакоў прыпадае менавіта на апошнія 3-5 гадоў. Гэтыя дзяўчаты і хлопцы пачыналі яшчэ на сцэнах сваіх школ, ліцэяў, менскіх кальянных і дворыкаў, але сапраўды намацалі, вымыслілі сябе як творцаў падчас эміграцыйных паломніцтваў праз 2-3 краіны: Украіна, Грузія, Літва, Польшча…
Старэйшым «калегам» даводзіцца сябе перавынаходзіць, мяняць оптыку, адкідваць ранейшыя веды, якія цяпер становяцца цяжарам, маладзейшыя не знаюць іншай рэчаіснасці. Умовы толькі такія, і ніякіх іншых правілаў гульні няма.

Электра-клэш ужывую пры ўваходзе ў кебабную
Так ці іначай многіх беларусаў, і музыкі тут не выключэнне, выносіць на берагі Віслы. У нейкі момант маладым і вечнаперспектыўным стала ясна, што калі сам сабе не зладзіш party, то ніхто іншы не зробіць нечага цікавага менавіта табе. Хлопцы-дзеўкі, якія па сумяшчальніцтве самі часта артысты рознага кшталту, пачалі ладзіць канцэрты. Без палітычных мэсэджаў, з выключна культурным, але шчырым андэрграўндным вайбам. Тут не месца кан’юнктурнай плакатнасці сумнеўнай якасці, але і заплюшчаныя вочы ды наіўняковы самападман таксама не ў пашане. Яны намацваюць новую праўду і гледзячы ёй проста ў вочы апавядаюць тое, што пражываць тут і цяпер.
Для іх чужы празмерны перфекцыянізм, у моманце ён не мае сэнсу і недасканаласць самавыражэння рэдка каго спыняе ў варшаўскім беларускім андэрграўндзе.
Ёсць танная ці бясплатная пляцоўка, дзе можна зайграць хіба акустычна – робім.
Ё клуб з падабенствам сцэны і барабанамі, але ты пакуль не сабраў склад жывых музыкаў – не бяды, узбройваешся ноўтам і флэшкай ды граеш пад мінус.
Сабралі банду? Файна – залятаем на гіг праз два тыдні з 4 трэкамі.
Заўсёды кажы «так», бо наступным разам можа ніхто не спытае і не будзе ніякага канцэрту, невядома, дзе ты апынешся.
А экзістэнцыйны электра-клэш ужывую пры ўваходзе ў кебабную, каштавалі такое? Унікальныя стравы і непаўторны досвед, які абрастае мясцовымі байкамі.

Месцы, паролі, яўкі
Пры гэтым за апошнія гады два беларускі андэр глядзіцца на мапе Варшавы не проста як асобныя ўсплескі, а як своеасаблівая хваля, музычны рух. Фэст «Czarna owca», івэнты суполкі «Кшталт» ды безназоўныя супольныя канцэрты, што збіраюць ад пары дзясяткаў да пары сотняў наведнікаў. Гурты накшталт «Сербскага нажа», Lubber Louie і «Ковельскіх псоў» можна пабачыць на сцэнах розных мясцовых клубаў ад Chmury (такі сабе «Графіці» паводле культавасці) да VooDoo Club.
Асобнае месца займае Pub Motocyklowy 2KOŁA. Пляцоўка ўяўляе сабой нешта сярэдняе між ангарам і вялікім гаражом, заціснутым між рэек недалёка ад вакзала «Варшава Заходня». Навокал усё адрамантавалі, рэканструявалі, добраўпарадкавалі, і толькі выспа ў выглядзе «мотаклуба» тырчыць як апошні прытулак для выкінутых на ўзбочыну квітнеючага капіталізму. Дэмакратычнае месца, якое на нейкі час ператварылася ў кузню, дзе гартуюцца новавыкаваныя і мацёрыя гурты ды праекты беларускага падполля варшаўскай прапіскі.
Насамрэч, рэшту часу, калі тут не граюць беларусы, паб акупаваны, у адпаведнасці з назвай, байкерамі, якія шэрагам шыхтуюць свае матацыклы пры ўваходзе і размаўляюць свае польска-байкерскія размовы за півам (не ўпэўнены, што безалкагольным).
У «Двух колах», на сцэне пад славутым матацыклам, які літаральна вісіць над музыкамі, выступалі дэбютанты тыпу гурта «Аўаўа» і раматычнага Lo-fi adapter’а, а таксама айцы падпольнага музычнага варушняку яшчэ з менскіх часоў – Сяргей Пукст, Фёдар Жывалеўскі («Голая манашка»), Мікіта Арлоў (Applepicker) ды, напрыклад, вечнамалады, быццам толькі спечаны višniovy tort і неўтаймоўныя самазванцы з Syndrom Samazvanca.

«Ладдзя роспачы» – адна на ўсіх
Цікава, што менавіта ў Варшаве і менавіта ў асяроддзі андэрграўндных артыстаў нарэшце можна назіраць пэўную пераемнасць пакаленняў, маладзейшыя не лічаць, што да іх нічога не было, а калі чагось і не ведалі пра беларускі дзвіж 2000-х ці 2010-х, то з цікавасцю адкрываюць для сябе імёны герояў мінулага. А тыя, у сваю чаргу, натуральна выглядаюць і пачуваюцца побач з маладымі і дзёрзкімі, і ўсё гэта без «пантоў» гарызантальна і натуралёва.
Ёсць разуменне нейкай адной «ладдзі роспачы», у якой разам плывуць і дэбютанты, і «зубры», і публіка. А каб заплыў быў не такім роспачным, трэба ладзіць супольнае свята і лагодны слэм, раскачваючы гэтую ладдзю пад песню Пукста «Я люблю тебя».
Мовы сплятаюцца, тыя, хто раней рабіў выключна па-расейску, цяпер не цураюцца недзе даць прыпеў па-беларуску, а то і цэлую песню.
Калі творцаў выносіць на актуалачку эмігранцкага жыцця, то вядома ж, без паланізмаў не абыдзецца.
Тыя, хто раней рабіў па-беларуску, збольшага застаюцца пры сваім.
Часам на новых рэлізах можна сустрэць трэк на «крэсовай» польскай. Але агулам нікога надзвычай моўнае пытанне не абыходзіць, проста дыялог між расейскамоўнымі і беларускамоўнымі творцамі ідзе натуральна.
Хіба адно цікавае назіранне: цяпер мэйнстрымам стала размаўляць з публікай са сцэны па-беларуску, ці пераключаючыся з мовы на мову, нават калі спяваеш па-расейску ці па-ангельску. То-бок, у паўсядзённасці і публічнасці – не праблема карыстацца беларускай ці быць шматмоўным, а да творчага шчырага выказвання без пазёрства некаторым трэба яшчэ дайсці, бо «не тру» – не пройдзе.

Першае беларускае ўрыванне ў польскі андэрграўнд?
Пры гэтым бачныя памкненні арганізатараў (а часта гэта ўласна самі музыкі) гэтага руху – не зацыклівацца на хай сабе і не малым, але ўсё-ткі досыць абмежаваным коле беларусаў-эмігрантаў, якім даспадобы нешта прыпанкованае, авангардовае, гаражнае, эксперыментальнае, лоўфайнае, псіхадэлічнае, іранічнае і пафаснае ў адным флаконе ад шугейзу да заборыстага дарквэйву. Таму апошнім часам робяцца спробы наладжваць міжкультурны дыялог. Перадусім, гаворка пра выступы разам з мясцовымі польскімі хлопцамі-дзеўкамі, якія гуляюць ў такія самыя гульні.
Выступы нашых музыкаў цалкам натуральна ўпісваюцца ў дэкарацыі сквотаў (Syrenka, Przychodnia), а назвы польскіх бандаў арганічна глядзяцца на афішах івэнтаў, арганізаваных беларусамі. На саміх канцэртах здараецца чуць не толькі беларускую ды расейскую, але і польскую без акцэнта. Магчыма, не так і шмат, але хочацца верыць, што нас яшчэ чакае першае беларускае ўрыванне ў польскі андэрграўнд, а пакуль мы збіраем сілы, вучымся бачыць і звяртаць увагу на сваё.
Дык хто ў музычнай хвалі?
Гэтак, напрыклад, нядаўна хлопцы з LÖS studio адкрылі для сябе нованароджаную і не зусім акрэплую нашу лакальную музычную хвалю Варшавы і пачалі выпускаць ютуб-шоў K6 live з інтэрв’ю і выступамі гуртоў. Пакуль выйшла пяць выпускаў, працяг інтрыгуе, але хто ўжо трапіў на злепак часу і месца?
Kmit-ansambl – гурт, сабраны Вячаславам Кмітам, які сыграў галоўную ролю ў кіно «Лебядзінай песні Фёдара Озерава» рэжысёра Юрыя Сямашкі. Пэўны час Вячаслаў выступаў самастойна, часам у пары з паэтам і музыкам Даніілам Вашкевічам, тады сабраў акустычнае трыа са скрыпкай і перкусіяй. У варшаўскай музычнай тусоўцы хадзіла паўжартам чутка, маўляў, Слава Кміт зробіць з Кміт-ансабля гурт з поўнафарматным гучаннем: барабаны, бас – голасна ды шумна. Усе думалі, гэта прыкол, ажно аднойчы ў легендарных «Двух колах» раптам на сцэну выходзіць квартэт і навальвае гучны ці то псіха-фолк з дыланаўскімі каранямі, ці то бард-кор з антыкаверамі на «Краму» і забытую ўсімі ікону беларускага падполля – таямнічы гурт Drwiwy.

Lubber Louie – прыклад іншай гісторыі. Гэтыя хлопцы праторвалі сабе сцяжыну на менскай сцэне яшчэ ці не дзесяць гадоў таму, бальшыня дасведчаныя спрактыкаваныя музыкі і кампазітары. Але ў эміграцыі давялося абнавіцца свежай крывёй. Акалічнасці змяніліся, але гурт працягвае граць свой гітарны гаражны індзі штосьці там (падстаўляйце любыя цэтлікі на свой густ, калі маеце такую патрэбу), а знарок грувасткія і парадаксальныя тэксты на апошнім альбоме гучаць па-беларуску.
«Сербскі нож» (Serbski nož) – яшчэ адны маладыя, але зусім невыпадковыя хлопцы-дзеўкі з пакручастымі гісторыямі ўцёкаў ды пераездаў. Майстры на роўным месцы прывабіць увагу: для кагосьці – каханне з першага погляду, для іншых – трыгер. Зрэшты хэйтары зазвычай рэагуюць толькі на яркую карцінку і ніколі не спрабуюць разабрацца ў тым «пра што» гэты гурт. Магчыма, нават не зусім гурт, а ядро супольнасці, клуб вольных юных мысляроў з сінтэзатарамі і мікрафонам. Пры гэтым любы прыхільнік гурта можа проста весела паслэміцца пад бадзёрыя постпанк-рытмы, павыкрыкваць базу пра гонар быць чалавекам у душнаватым падвале, а можа ў сацсетках на роўных весці дыскусіі з удзельнікамі гурта пра гісторыю, рэлігію, палітыку і ўсё што падасца важным.

LÖS – хто памятае хай сабе кароткачасовую, але бурапенную хвалю англамоўнага індзі ў Беларусі канца 2000-х – першай паловы 2010-х гадоў, добра ведае банду The Toobes. Дык вось, праз дзясятак гадоў двое з тых юнакоў зноў пачалі рабіць музыку разам. Гітара, бас, жывыя барабаны і надрыўны вакал – ёсць рэчы, якія працуюць у рок-музыцы заўсёды, галоўнае змяшаць гэта ў адно ў правільных прапорцыях. І хлопцы гэта робяць.
Акрамя таго, багаты досвед, відавочна, падказвае, што андэр не можа існаваць сам па сабе, трэба яднацца. Так разам з аднадумцамі (напрыклад, таленавіты гукарэжысёр ніколі не бывае лішнім) музыканты заснавалі аднайменную студыю, дзе ў тым ліку апошнім часам гуртуецца ладная частка варшаўскіх падпольшчыкаў з пратухлымі беларускімі пашпартамі.
«Ковельскія псы» (Kovelskie Psy) – для многіх, хто ўпершыню бачыць гэты выбуховы электрапанк-дуэт, гурт становіцца адным з улюбёных. Іхныя жывыя выступы заўсёды чапляюць, хлопцы Дзяніс і Ягор глядзяцца як персанажы паралельных светаў, што раптоўна апынуліся на адной сцэне, і ў імгненне пачынаецца нейкі фэнтэзійны двубой, які ператвараецца ва ўсеагульны рэйв. Бязлітасны, самаадданы, непадцэнзурны, з унутраным болем, але пры гэтым даволі іранічны.

Застаецца гадаць, хто будзе наступнымі героямі гэтага праекта, зрэшты, варыянтаў мноства:
Applepicker – сольны праект Мікіты Арлова, які літаральна надоечы анансаваў першы выступ з жывым складам;
Syndrom Samazvanca – падпольшчыкі, якія ад альбому да альбому не стамляюцца жангляваць жанрамі, але застаюцца пазнавальнымі і магутна гучаць ужывую;
višniovy tort – фармацыя, якая заўсёды вынырвае, якія б выпрабаванні ні чакаалі іхных удзельнікаў па жыцці;
Федзя Жывалеўскі ў дуэце з Сяргеем Пукстам;
«Маразм Аркадзія» – іранічныя песні пра піва і вясёлае ляжанне ў кірунку самаразбурэння ад лірычнага героя, якому што яшчэ рабіць з ягонай эмігранцкай маладосцю ў чужым горадзе?

.К – які паводле чутак жыве ў Белавежскай пушчы, запісваючы рык зуброў і рысяў, але кожны візіт якога вельмі цёпла прымаецца варшаўскай публікай;
Vapna – электронна-сузіральны дуэт з віленскай прапіскай;
The Tranzostorz – чарговы раз адноўленая шпаркая і нервовая сайкабілі-панк каманда;
Абаяльны Lo-fi adapter, пярэстая «Аўаўа», peresadka v stambule, ці нехта, хто толькі сёння надумаў зарганізаваць нешта цікавае, седзячы ў цесным пакоі амалькамунальнай чатырохпакаёўкі, дзе з твайго толькі паўпачка цыгарэт, некалькі бляшанак піва па акцыі і пару аднадумцаў.
Чарговая тусовачка? Бляклая пародыя?
Хтосьці са скепсісам скажа, маўляў, нічога новага, чарговая тусовачка, у найлепшым выпадку бляклая пародыя на Манчэстэрскую сцэну з Joy Division i Fall, непераканаўчыя патугі зладзіць на роўным месцы фабрыку Уорхала без самога русіна Варголы, дый хто ў вас тут пацягне на ролю Velvet Underground таксама незразумела.
Мацёрыя беларусацэнтрычныя звысоку кінуць: знаем, праходзілі гэта ўсё ў канцы 1980-х – 1990-х, дзе можна было папанкаваць з Дзюбелямі і раннімі Ляпісамі, занурыцца ў эксперыменты з «Солнцецветамі» і «Зарціпо», або багемна патусіць за Домам Ваньковіча з Касяй Камоцкай, Варашкевічам, Памідоравым і доўгавалосым Лявонам у касусе.
Найчасцей з’яўленне такіх асяродкаў ёсць вынікам натуральных лагічных працэсаў «на месцы», творчая энергія акумулюецца пэўны час, а потым б’е фантанам. Вядома ж, сацыяльныя ўзрушэнні ў любых такіх сцэнарах важныя, але пэўная «наседжанасць», пераемнасць культуры (нават калі праз адмаўленне і аспрэчванне папярэднікаў), укаранёнасць, напластаванне крытычнай творчай масы ў адной прасторы – неад’емная перадумова для зараджэнне падобных яркіх супольнасцяў.

Але нашых музыкаў у Варшаве яднае досвед выгнання, выкінутасць, безвыходнасць, непатрэбнасць і чужасць наваколля. Тут хутчэй просяцца паралелі з музыкамі-мігрантамі з Ямайкі ў Лондане, якія многіх падсадзілі на сваё рэгі і ска ў 1970-я гады. Вядома, пра сувымернасць гэтых рухаў казаць нельга, не толькі праз маштабы з’яваў, але і праз тое, што беларускія падпольшчыкі граюць часам палярную па стылі музыку, і ў нашы часы гаворкі пра нейкую адну мэйнстрымную эстэтыку не ідзе.
Аднак хваля прыйшла і зацягвае ў вір і электрапанкаў, гаражных індзі, і краут-рокераў…
А дзякуючы сеціву гэта ўсё не боўтаецца ў вакууме, неабавязкова жыць у Варшаве, каб ведаць музыку, якая тут нараджаецца.
Так і перагукваемся праз межы новымі рэлізамі, кліпамі, здымкамі і ўзаемнымі лайкамі сторыз з канцэртаў.
P.S. Кажуць, у Познані таксама дзвіж.
***
Праект падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Cаюзам.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
