ЗША сабралі на Блізкім Усходзе найбуйнейшую авіягрупоўку з часоў уварвання ў Ірак у 2003 годзе. Пра гэта піша The Wall Street Journal.
У рэгіён ужо прыбыла група авіяносца USS Abraham Lincoln і накіроўваецца другая група на чале з авіяносцам USS Gerald Ford. Акрамя таго, ідзе перакідка самалётаў F-35 і F-22 на сухапутныя базы, а таксама самалётаў кіравання і кантролю. У рэгіёне таксама былі разгорнуты сродкі СПА. Выданне адзначае, што такая групоўка дазволіць весці супраць Ірана дзеянні на працягу многіх тыдняў, у адрозненне ад разавага ўдару летам мінулага года па ядзерных аб’ектах.
Паводле інфармацыі CBS і CNN, у сераду прэзідэнт ЗША Дональд Трамп атрымаў рапарт, што вайскоўцы гатовыя да патэнцыйных удараў па Іране ўжо ў гэтую суботу. Тэлеканалы ўдакладняюць, што Трамп яшчэ не прыняў рашэнне.
Прадстаўнікі ЗША і Ірана сустрэліся на гэтым тыдні ў Жэневе для перамоваў аб магчымым пагадненні па пытанні ўзбагачэння ўрану ў Іране. Прэс-сакратар Белага дома Кэралайн Левіт заявіла, што ў гэтых перамовах быў дасягнуты «невялікі прагрэс», але бакі «ўсё яшчэ вельмі далёкія адзін ад аднаго». Чакаецца, што Іран прадставіць ЗША больш падрабязную прапанову ў бліжэйшыя некалькі тыдняў.
WSJ піша, што разглядаюцца ўдары па іранскіх палітычных і вайсковых лідарах з мэтай звяржэння ўрада, а таксама атака па ядзерных аб’ектах і балістычных ракетах. Паводле інфармацыі выдання, Трамп даў зразумець, што аддаў бы перавагу дыпламатычнаму пагадненню, якое, у выпадку дасягнення ЗША ўсіх жаданых вынікаў, прадугледжвала б ліквідацыю іранскай ядзернай праграмы, роспуск рэгіянальных проксі-сіл і дэмантаж балістычных ракет.
