ЗША і Венесуэла аднаўляюць дыпламатычныя адносіны

Галоўнае
Фото: @StateDeputySPOX

ЗША і Венесуэла аднаўляюць дыпламатычныя і консульскія адносіны. Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўным дэпартаменце ЗША.

“Злучаныя Штаты і часовыя ўлады Венесуэлы дамовіліся аб аднаўленні дыпламатычных і консульскіх адносін. Гэты крок будзе садзейнічаць нашым сумесным намаганням па забеспячэнні стабільнасці, падтрымцы эканамічнага аднаўлення і прасоўванні палітычнага прымірэння ў Венесуэле.

Наша дзейнасць засяроджана на аказанні дапамогі венесуэльскаму народу ў прасоўванні наперад праз паэтапны працэс, які створыць умовы для мірнага пераходу да дэмакратычна абранага ўрада”, — гаворыцца ў заяве.

У ёй таксама адзначаецца, што ЗША прыхільныя падтрымцы венесуэльскага народа і супрацоўніцтву з партнёрамі па ўсім рэгіёне дзеля забеспячэння стабільнасці і росквіту.

Аднаўленне дыпламатычных адносін пацвердзілі ў Венесуэле.

“Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла абвяшчае, што па выніках дыпламатычных перамоваў з уладамі Злучаных Штатаў Амерыкі ўрады абедзвюх краін прынялі рашэнне аднавіць дыпламатычныя і консульскія адносіны.

Баліварыянскі ўрад пацвярджае сваю гатоўнасць перайсці да новага этапу канструктыўнага дыялогу, заснаванага на ўзаемнай павазе, суверэннай роўнасці дзяржаў і супрацоўніцтве паміж нашымі народамі”, — гаворыцца ў заяве.

У ёй таксама адзначаецца, што аднаўленне дыпламатычных адносін дапаўняецца “плённым дыялогам, які вядуць паміж сабой венесуэльцы, накіраваным на ўмацаванне суіснавання, міру і ўзаемаразумення”.

Дыпламатычныя адносіны паміж ЗША і Венесуэлай былі разарваныя ў пачатку студзеня 2019 года. Тады пра гэта абвясціў Нікалас Мадура, пасля таго як ЗША прызналі выконваючым абавязкі прэзідэнта Венесуэлы Хуана Гуайдо.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны