ЗША і Іран усё ж правядуць перамовы. Пра гэта са спасылкай на крыніцы піша Axios. Паводле іх інфармацыі, Вашынгтон атрымаў станоўчы сігнал ад Тэгерана і каманда перамоўшчыкаў на чале з віцэ-прэзідэнтам Джэй Дзі Вэнсам вылеціць у Пакістан.
Чакаецца, што ён прыбудзе ў Ісламабад да вечара серады, калі скончыцца тэрмін раней узгодненага спынення агню, які Трамп фактычна падоўжыў на адзін дзень. Хоць узгодненыя ў рамках пагаднення аб спыненні агню два тыдні заканчваюцца ў аўторак, у панядзелак ён заявіў, што крайні тэрмін — вечар серады.
Да гэтага абодва бакі падавалі супярэчлівыя сігналы. Дональд Трамп заявіў, што іранцы “збіраюцца весці перамовы, а калі не будуць, то сутыкнуцца з праблемамі, якіх ніколі раней не бачылі». Ён паўтарыў, што разлічвае на здзелку, якая прадугледжвае адсутнасць у Ірана ядзернай зброі.
У сваю чаргу спікер іранскага парламента Махамад Багер Галібаф адхіліў перамовы пад пагрозамі.
«Трамп, уводзячы блакаду і парушаючы рэжым спынення агню, спрабуе ператварыць гэты стол перамоў — у сваім уласным уяўленні — у стол капітуляцыі або апраўдаць аднаўленне вайны», – заявіў ён.
Паводле звестак Axios, на іранскіх перамоўшчыкаў ціснуць з боку КСІР з мэтай дамагчыся больш жорсткай пазіцыі: ніякіх перамоў да спынення амерыканскай блакады. У выніку дазвол на перамовы быў атрыманы ад вярхоўнага лідара ў панядзелак увечары.
