ЗША і Іран могуць правесці новы раўнд перамоваў. Пра гэта паведамляюць СМІ. Паводле інфармацыі Associated Press, месца і тэрміны правядзення сустрэчы яшчэ не вызначаны, але яна можа адбыцца ў чацвер. Паводле інфармацыі крыніц агенцтва, Ісламабад зноў можа стаць месцам перамоваў.
Журналіст выдання Atlantic Араш Азізі ў сетцы Х спаслаўся на крыніцу ў Тэгеране, якая заявіла, што перамовы адбудуцца ў чацвер у Ісламабадзе.
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс, які праводзіў перамовы з Іранам на выходных, у інтэрв’ю Fox News заявіў, што пытанне пра працяг перамоваў трэба адрасаваць іранцам, бо “мяч сапраўды на іх баку”. Ён лічыць, што Тэгеран павінен праявіць гнуткасць, у той час як Вашынгтон даў зразумець, што ядзерны матэрыял павінен быць вывезены з Ірана.
“Нам неабходна атрымаць ад іх канчатковае пацвярджэнне, што яны не будуць распрацоўваць ядзерную зброю. І я думаю, што калі іранцы гатовы сустрэцца з намі, то гэта можа стаць вельмі, вельмі выгаднай здзелкай для абедзвюх краін. Калі яны не гатовы сустрэцца з намі там, гэта іх справа”, – растлумачыў ён.
Паводле яго слоў, у нядзелю іранскія перамоўшчыкі не маглі заключыць здзелку, і ім давялося вярнуцца ў Тэгеран, каб атрымаць ухваленне ад вярхоўнага лідара або іншых прадстаўнікоў кіраўніцтва.
Навіны пра магчымы працяг перамоваў стварылі спрыяльны фон для рынкаў. Бліжэйшы ф’ючарс на нафту Brent раніцай гандлюецца ніжэй за адзнаку ў 100 долараў за барэль. Таксама ніжэй за 100 долараў за барэль апусціліся каціроўкі амерыканскай нафты WTI.
