Рэдактар сайта “Хартыя-97” Наталля Радзіна на сваёй старонцы ў Facebook расказала пра напад на спартсменку Аляксандру Герасіменю, які адбыўся ў пятніцу на вакзале «Варшава-Заходня».
Паводле слоў Радзінай, Аляксандра Герасіменя прыехала па справах на аўтавакзал раніцай 10 ліпеня. Да яе ззаду падышоў невядомы мужчына прыкладна 35 гадоў і ўдарыў кулаком па галаве. Ён не сказаў ні слова і адразу сышоў.
“Паклікаць на дапамогу не было каго, людзі спяшаліся на свае рэйсы і нават не звярнулі ўвагі на тое, што адбылося. Саша ж, калі прыйшла ў сябе, паехала ў паліцыю.
Я прыехала да Сашы ўжо ў Komenda Rejonowa Policji Warszawa III (Opaczewska), дзе яна дала паказанні і расказала пра тое, што адбылося”, — напісала Радзіна.
Паводле яе слоў, у паліцыі папярэдзілі, што знайсці нападніка будзе няпроста: не факт, што інцыдэнт трапіў на камеры відэаназірання, а калі і трапіў, то выява можа аказацца недастатковай якасці. Аднак нават калі нападніка знойдуць, то яго дзеянні, хутчэй за ўсё, будуць кваліфікаваныя як дробнае хуліганства, паколькі траўмы не цяжкія і не бачныя.