Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы заяўляе, што беларускі памежнік незаконна перасёк беларуска-літоўскую мяжу, на адзін метр зайшоў на тэрыторыю Літвы і вярнуўся ў Беларусь.
Інцыдэнт адбыўся ў раёне недзейнага пункта пропуску «Кракунай – Гераняй» у Шальчынінкскім раёне. Гэта месца знаходзіцца каля так званай Дзевянішкскай петлі — тэрыторыі Літвы, якую з усіх бакоў акружае Беларусь
У сераду, 15 красавіка, гэты раён патрулявалі чатыры ўзброеныя беларускія вайскоўцы. На дарозе, якая злучае абедзве краіны, лінія мяжы абазначана белай паласой. Тут таксама ўсталяваны слуп, які абазначае лінію мяжы, а па абодва бакі мяжы стаяць дзяржаўныя памежныя знакі.
Літоўскія памежнікі зафіксавалі, як беларускія памежнікі падышлі па сваёй тэрыторыі да пункта «Кракунай – Гераняй» і дарогі.
«Затым адзін з іх перасёк лінію мяжы па дарозе і прыкладна на адзін метр зайшоў у Літву. Памежнік прысеў на адзін з бетонных блокаў, якімі з літоўскага боку перакрыта дарога. Неўзабаве ён вярнуўся назад і разам з астатнімі трыма працягнуў патруляванне на тэрыторыі Беларусі», — паведамляе літоўская памежная служба.
Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы пачала дасудовае расследаванне па факце незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы.


