У аўторак, 20 студзеня, у Музеі Вольнай Беларусі пачынае працу выстава новых экспанатаў «Кропка ўваходу – 123».
Выстава прысвечаная турэмнаму досведу часткі з 123 беларускіх палітзняволеных, дэпартаваных з Беларусі 13 снежня.

«Іх вывозілі таемна – у балаклавах, з мяшкамі на галовах, са звязанымі за спінай рукамі. Без папярэджання. Без тлумачэнняў. Часта без пашпартоў і асабістых рэчаў.
Усё, што яны мелі з сабой, – валізка з адзеннем і турэмны мінімум.
Чайныя пакецікі. Алюмініевая лыжка. Мыла. Ануча. Цёплая бялізна.
Рэчы, у якія сціскаецца свет чалавека ў зняволенні.
Усё, на што можна абаперціся.
Сёння гэтыя прадметы – у музейнай вітрыне.
Яны больш не служаць для выжывання.
Яны пачынаюць расказваць», – паведамляе анатацыя выставы.

«Кропка ўваходу» — гэта серыя выставаў новых экспанатаў Музея Вольнай Беларусі. Праз арыгінальныя артэфакты арганізатары праекта прапануюць увайсці ў сучасны беларускі кантэкст і паглядзець на яго праз досвед людзей і рэчаў, што ўзнікаюць тут і цяпер.
Выстава працягнецца да 1 сакавіка.
Адрас Музея Вольнай Беларусі: Foksal 11, Варшава
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
