Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс лічыць, што энергетычная палітыка прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана павінна быць прыкладам для астатняй Еўропы. Пра гэта ён заявіў на сумеснай прэс-канферэнцыі з кіраўніком венгерскага ўрада ў Будапешце.
“Я думаю, Віктар Орбан быў самым уплывовым лідарам у Еўропе ў пытанні энергетычнай бяспекі і незалежнасці. Забаўна назіраць за гэтым, прэм’ер-міністры і лідары некаторых заходнееўрапейскіх сталіц гавораць пра энергетычны крызіс, хаця, шчыра кажучы, ім варта было б прытрымлівацца палітыкі Віктара Орбана ў Венгрыі. Калі б яны так зрабілі, энергетычны крызіс, які яны перажываюць цяпер, быў бы значна менш сур’ёзным, таму што цяпер у Венгрыі, хаця цэны на энерганосьбіты і выраслі, яны значна ніжэйшыя, чым амаль у любой іншай краіне Еўропы.
І гэта дзякуючы лідарству чалавека, які стаіць побач са мной. І я думаю, што гэтае лідарства можа паслужыць прыкладам для ўсяго кантынента. Мы хочам, каб Еўропа была паспяховай. Мы хочам, каб еўрапейскія сем’і маглі дазволіць сабе ацяпляць свае дамы і ствараць цудоўныя рэчы.
Мы хочам, каб Еўропа была энергетычна незалежнай і нават энергетычна дамінуючай, але яна не будзе энергетычна бяспечнай, калі працягне прытрымлівацца правальнай палітыкі мінулага. І таму я думаю, што Віктар быў выдатным прыкладам у пракладанні курсу, які можа прывесці да лепшай, больш заможнай і больш энергетычна бяспечнай Еўропы”, – сказаў віцэ-прэзідэнт ЗША.
Варта адзначыць, што Венгрыя закупляе практычна ўвесь газ і нафту ў Расіі, хаця большасць іншых краін Еўропы адмовіліся ад такой практыкі або значна скарацілі закупкі. Пры гэтым Джэй Дзі Вэнс не ўдакладняў, якую менавіта палітыку Орбана ён лічыць правільнай: стаўку на выкапнёвыя віды паліва ці супрацоўніцтва з Расіяй.
