Вярхоўны суд ЗША адмовіўся разглядаць справу Стывена Талера, заснавальніка кампаніі Imagination Engines Incorporated, якая займаецца перадавымі тэхналогіямі штучных нейронных сетак, пра наданне аўтарскага права на яго мастацтва, створанае з дапамогай штучнага інтэлекту. Суд адмовіўся перагледзець рашэнне, прынятае Бюро аўтарскіх правоў ЗША ў 2022 годзе, піша Аrtnet.
Талер упершыню падаў заяўку на рэгістрацыю працы «Нядаўні ўваход у рай», створанай у 2012 годзе DABUS (сістэмай штучнага інтэлекту, распрацаванай Талерам) у бюро аўтарскіх правоў у лістападзе 2018 года, пазначыўшы DABUS як аўтара працы і заявіўшы, што яна «створана аўтаномна машынай». Офіс адхіліў заяўку, адказаўшы: «Мы не можам зарэгістраваць гэты твор, таму што яму не хапае чалавечага аўтарства, неабходнага для падтрымкі пазову па аўтарскім праве».
Суды пацвердзілі, што без «чалавечага аўтарства» твор не падпадае пад абарону аўтарскім правам. Гэта рашэнне было пацверджана ў 2023 годзе акруговым судом ЗША і ў мінулым годзе Апеляцыйным судом ЗША ў Вашынгтоне.
Паколькі заканадаўцы пацвярджаюць, што аўтарскае права можа быць прадастаўлена толькі творам, зробленым чалавекам, пакідаючы прадукты, створаныя штучным інтэлектам, без абароны, юрыдычная каманда Талера папярэджвае аб рызыцы «незваротнай» перашкоды да выкарыстання ШІ у творчых індустрыях.
У мінулым годзе Бюро аўтарскіх правоў апублікавала новыя рэкамендацыі, якія пацвердзілі, што творы, зробленыя штучным інтэлектам, створаныя з дапамогай тэкставых падказак, не будуць абаронены аўтарскім правам. Бюро прызнала, што штучны інтэлект – гэта новая тэхналогія, але адзначыла, што існуючыя прынцыпы аўтарскага права не маюць патрэбы ў абнаўленні.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
