Відавочцы выратавалі траіх дзяцей на пажары ў Баранавічах

Навіны
Фото: МЧС

Відавочцы і суседзі выратавалі траіх дзяцей на пажары ў Баранавічах. Як паведамілі ў МНС, ён адбыўся ўчора ўвечары на вуліцы Аляксандра Валошына. На шостым паверсе адзінаццаціпавярховага жылога дома загарэўся балкон.

У кватэры знаходзіліся двое дзяцей 2020 года нараджэння і адно — 2018 года нараджэння. Бацькі з яшчэ адным дзіцём у гэты час пайшлі ў краму.

“Суседзі з 8-га паверха пачулі гук аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Спусціўшыся на шосты паверх, яны пачулі дзіцячы плач, уваходныя дзверы былі зачыненыя. На грук ніхто не адчыняў. Суседзі выклікалі МНС і пачалі самастойна ўзломваць дзверы. У гэты час мужчына-відавочца, заўважыўшы густы дым з балкона дома насупраць, імгненна кінуўся на дапамогу ў чужы пад’езд.

Так сама паступіў яшчэ адзін мужчына, які праязджаў міма на аўтамабілі. Яны адначасова падняліся на шосты паверх і разам з суседзямі ўзламалі ўваходныя дзверы і ўвайшлі ў моцна задымленую кватэру. Відавочцы хутка адшукалі траіх напалоханых дзяцей, вынеслі іх на чыстае паветра і перадалі брыгадзе хуткай дапамогі”, — распавялі ў МНС.

Ратавальнікі, якія прыбылі на месца, ліквідавалі пажар. Трое дзяцей шпіталізаваныя з атручваннямі прадуктамі гарэння.

Паводле папярэдняй версіі, прычынай пажару стала дзіцячае свавольства з агнём.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.