Віцэ-маршалак польскага Сейма Кшыштаф Босак ад апазіцыйнай правай партыі “Канфедэрацыя” у эфіры Radio Zet ацаніў перспектывы пацяплення адносін з Беларуссю.
У серыі пытанняў ад слухачоў у Босака пацікавіліся, ці павінна Польшча імкнуцца да збліжэння з Мінскам, калі гэта робяць ЗША. Ці не было б такое збліжэнне ў інтарэсах Польшчы.
“Было б. Аднак, на мой погляд, у нас вельмі варожыя адносіны з Беларуссю. Беларусь не незалежная ў сваёй палітыцы адносна Польшчы, таму мы павінны быць вельмі асцярожныя з ілюзіяй, што калі мы зробім Беларусі нейкія выгадныя прапановы, Беларусь раптоўна спыніць сваю варожую палітыку адносна Польшчы. Беларусь цяпер, на мой погляд, не дзейнічае суверэнна, не дзейнічае ў адпаведнасці са сваімі ўласнымі інтарэсамі. Яна больш залежыць ад Расіі”, – сказаў Босак.
“На адносіны Лукашэнкі з Трампам ёсць дэ-факта згода Пуціна. Ніколі б Лукашэнка на гэта не пайшоў”, – падтрымаў дыскусію вядучы радыё Богдан Рыманоўскі.
“Гэта не ведаю. Можам спекуляваць, што такі разлік, магчыма, узгадняўся з Крамлём. Аднак я лічу, што Польшча безумоўна занадта глыбока ўвязалася ў палітыку спробы змены рэжыму ў Беларусі”, – адказаў палітык.
“Мы занадта моцна падтрымлівалі беларускую апазіцыю”, – удакладніў журналіст.
“Спадар рэдактар, альбо занадта моцна, альбо занадта слаба. Калі вы ўдзельнічаеце ў змене рэжыму, лепш быць эфектыўным. Калі вы неэфектыўныя, лепш не ўдзельнічаць. І Польшча нясе выдаткі спробы звяржэння рэжыму ў Беларусі, не атрымліваючы эфекту”, – адказаў Босак.
“Ці была гэта спроба звяржэння рэжыму або проста дапамога людзям, якія падвяргаліся рэпрэсіям?” – задаў яшчэ адно пытанне Рыманоўскі.
“Апошнія два дзесяцігоддзі Польшча спрабавала звяргнуць рэжым у Беларусі, і гэта было цалкам неэфектыўна”, – сказаў віцэ-маршалак.
“Якія ў вас ёсць доказы гэтаму?” – удакладніў журналіст.
“Вылучэнне дзяржаўных грошай на гэта і афіцыйныя заявы ўсіх партый, якія паслядоўна кіравалі Польшчай”, – адказаў палітык.
“І гэта было памылкай?” – працягнуў вядучы.
“Правядзенне неэфектыўнай палітыкі — гэта памылка. Калі б ім гэта ўдалося, я б сказаў, што ўсё добра. Аднак яны пацярпелі няўдачу. Такім чынам, гэта была неэфектыўная палітыка”, – парыраваў Босак.
Трэба адзначыць, што “Канфедэрацыя” цяпер з’яўляецца, паводле апытанняў, трэцяй па папулярнасці партыяй у Польшчы. Яна рэгулярна крытыкуе абедзве асноўныя палітычныя сілы: “Права і Справядлівасць” і “Грамадзянскую кааліцыю”. Праўда, пры гэтым у Сейме “канфедэраты” ў асноўным галасуюць супраць ініцыятыў кіруючай кааліцыі.
