Ва Уценскім і Панявежскім паветах у суботу працягваюцца пошукі аб’ектаў, меркавана беспілотнікаў, зафіксаваных радарамі ў чацвер. Да аперацыі прыцягнутыя Ваенная паліцыя, Сухапутныя войскі і Літоўскі саюз стралкоў, піша LRT са спасылкай на ELTA.
«Праводзіцца апытанне жыхароў, таксама задзейнічаныя беспілотныя лятальныя апараты і лёгкая авіяцыя для разведкі розных тэрыторый», — паведамілі ў Дэпартаменце стратэгічных камунікацый Літоўскай арміі.
У чацвер ва Уценскім павеце быў абвешчаны паветраны сігнал трывогі пасля таго, як радары зафіксавалі аб’ект з прыкметамі беспілотніка. Пазней Нацыянальны цэнтр кіравання крызісамі паведаміў яшчэ пра адну аналагічную адзнаку. Міністр абароны Робертас Каўнас пацвердзіў, што абедзве яны зніклі ў раёне Уцены.
Паводле слоў начальніка штаба абароны, контр-адмірала Гедруса Пременекаса, адзнакі былі зафіксаваныя радыёлакацыйнымі сістэмамі Ваенна-паветраных сіл. У паветра былі паднятыя знішчальнікі місіі паветранай паліцыі NATO. Прыкладна праз гадзіну ўзровень пагрозы ва Уценскім павеце знізілі з чырвонага да жоўтага, а затым да белага, што азначае адсутнасць пагрозы.
Падобны інцыдэнт адбыўся ў сераду. Пасля выяўлення радыёлакацыйнай адзнакі каля мяжы былі паднятыя знішчальнікі NATO, часова закрытая паветраная прастора над аэрапортам Вільні і прыпынены рух цягнікоў у Віленскім павеце. Аб’ект перасёк мяжу каля 9:40 раніцы, аднак каля 11:09 знік з радараў у раёне Мяркіне. Пошукі ў Варэнскім раёне, дзе меркавана мог упасці дрон, не далі вынікаў і былі спыненыя.