Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову, якой абноўлены спісы пасад, што падлягаюць прафесійнаму пенсійному страхаванню.
“Дакумент падрыхтаваны з мэтай комплекснага перагляду дзеючых з 2005 года спісаў вытворчасцей, работ, прафесій, пасад са шкоднымі і цяжкімі ўмовамі працы, на падставе якіх наймальнікам вызначаюцца пасады (прафесіі) работнікаў, што падлягаюць прафесійнаму пенсійному страхаванню”, – паведамілі ў прэс-службе ўрада.
Са спісаў выключаны прафесіі і пасады, якія перасталі быць актуальнымі:
- 406 прафесій (пасад), якія фактычна не прымяняюцца ў эканоміцы;
- 356 прафесій (пасад), па якіх ні ў адной з арганізацый па выніках праведзеных атэстацый не пацвердзіліся паказчыкі шкодных умоў працы;
- 78 прафесій (пасад), па якіх вынікі атэстацыі паказалі аптымальныя або дапушчальныя ўмовы працы.
Таксама найменні прафесій і пасад прыведзены ў адпаведнасць з абноўленымі кваліфікацыйнымі даведнікамі. Удакладнены фармулёўкі работ, умоў і паказчыкаў з улікам правапрымяняльнай практыкі.
“Пастанова дазволіць скараціць у арганізацыях залішнія грашовыя і часавыя выдаткі, звязаныя з правядзеннем атэстацыі на рабочых месцах, на якіх ацэнка шкоднасці не пацвярджае права работнікаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне”, – растлумачылі ў прэс-службе Саўміна.
