У МЗС РФ заклікалі Беларусь «захоўваць пільнасць» пры здзелках з ЗША

Галоўнае
Михаил Галузин. Фото: МИД РФ

У МЗС РФ «па-таварыску» заклікалі Беларусь «захоўваць пільнасць» пры здзелках з ЗША. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка расійскага знешнепалітычнага ведамства Міхаіл Галузін, піша ТАСС.

«Са свайго боку вітаем любыя канструктыўныя пачынанні ў кантэксце нармалізацыі беларуска-амерыканскага дыялогу і адмены незаконных абмежавальных мер, але пры гэтым па-таварыску заклікаем беларускіх сяброў захоўваць пільнасць», — заявіў ён.

Паводле яго слоў, у гэтым кантэксце Расія «цэніць публічныя заявы» Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што «вялікая здзелка» Мінска з Вашынгтонам магчымая выключна з улікам нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь і пры адсутнасці шкоды яе супрацоўніцтву з ключавымі саюзнікамі — Расіяй і Кітаем».

Галузін выказаў упэўненасць, што спробы «недружалюбных дзяржаў» знайсці рознагалоссі паміж Масквой і Мінскам апынуцца безвыніковымі.

«Зрэшты, упэўнены, што з улікам асаблівага характару расійска-беларускіх адносін любыя спробы недружалюбных дзяржаў знайсці «зазоры» ў нашых пазіцыях у міжнародных справах застануцца бясплоднымі», — лічыць дыпламат.

Ён таксама назваў зняцце амерыканскіх санкцый з «Белавія» «добрымі навінамі», але заявіў, што гэта не азначае адмены транспартнай блакады з боку Захаду.

«Выключэнне ў лістападзе мінулага года адміністрацыяй [прэзідэнта ЗША] Дональда Трампа авіякампаніі «Белавія» з «чорных спісаў» Мінфіна ЗША, а таксама ліквідацыя псеўдаправавых бар’ераў на шляху ажыццяўлення палётаў у большасць рэгіёнаў Расіі, якая з’яўляецца галоўным рынкам для дадзенага авіяперавозчыка, — безумоўна, добрыя навіны, — адзначыў ён. — У той жа час варта адзначыць, што, у цэлым і ўвогуле, маштабны санкцыйны рэжым супраць Беларусі працягвае дзейнічаць. Нягледзячы на гэты выпячаны напаказ амерыканскім бокам «крок насустрач Мінску», адміністрацыя ЗША пакуль не адмаўляецца ад палітыкі ціску на Беларусь».

«Акрамя таго, прынятая мера не вядзе да вырашэння праблемы паўнавартаснага аднаўлення паветраных зносін і адмовы калектыўнага Захаду ад стратэгіі транспартнай блакады нашых краін», — дадаў Галузін.

Ён адзначыў, што дазвол распаўсюджваецца толькі на эксплуатацыю васьмі вузкафюзеляжных самалётаў Boeing 737, а атрыманне любой амерыканскай запчасткі ў выпадку паломкі запатрабуе асобнага ўзгаднення з рэгулятарамі.

«Белы дом гатовы задзейнічаць рычагі эканамічнага ўздзеяння ў любы патрэбны яму момант, пагражаючы адменай паслабленняў і вяртаннем рэстрыкцый», — заявіў расійскі дыпламат.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны