Пракуратура Лунінецкага раёна завяла крымінальную справу на гендырэктара замежнай юрыдычнай асобы. Яму інкрымінуецца перавышэнне службовых паўнамоцтваў, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры, па ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса.
Як вынікае з паведамлення пракуратуры, юрыдычная асоба была створана ў 2022 годзе адным з гаспадарчых таварыстваў Лунінецкага раёна з мэтай прасоўваць і прадаваць яго прадукцыю.
Паводле версіі пракуратуры, гендырэктар дадзенай юрыдычнай асобы прадаваў пастаўленую прадукцыю па заніжанай цане арганізацыям, заснавальнікам якіх ён жа і з’яўляўся. Рашэнні па такіх здзелках прымаліся аднаасобна і не разглядаліся на агульным сходзе ўдзельнікаў, што было кваліфікавана як перавышэнне паўнамоцтваў.
“Супрацьпраўныя дзеянні пацягнулі для беларускага прадпрыемства прычыненне шкоды і ўтварэнне пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці ў суме звыш 400 тыс. рублёў”, – паведамілі ў пракуратуры.
Пракуроры таксама прыйшлі да высновы, што падобная сітуацыя стала магчымай з-за аслабленага кантролю з боку службовых асобаў беларускага прадпрыемства. Іх дзеянням таксама будзе дадзена прававая ацэнка. Пакуль жа пракуратура накіравала прадпісанне ў назіральны савет таварыства, у выніку чаго дырэктар і прадстаўнік дзяржавы ў органах кіравання гаспадарчага таварыства прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
