Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з прадстаўнікамі каманды прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на чале са спецыяльным пасланнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам.
Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, сустрэча адбылася ў Палацы Незалежнасці, перамовы пачаліся сёння і заўтра працягнуцца. На ёй таксама прысутнічаў намеснік памочніка дзяржсакратара па Усходняй Еўропе Крыс Сміт.
“Сённяшняя сустрэча, як і звычайна, прайшла за зачыненымі дзвярыма”, — піша прэс-служба.
Лукашэнка павіншаваў Коўла з прызначэннем спецпасланнікам ЗША ў Беларусі.
“Ты цяпер галоўны па Беларусі ў нас. Перадайце Трампу, што мы нешта павінны зрабіць у сувязі з гэтым. І мы зробім”, — сказаў ён.
Лукашэнка таксама станоўча ацаніў дзеянні Дональда Трампа.
“Кажуць, што Трамп любіць ліслівасць. Але я не дзеля ліслівасці. Хачу сказаць, што апошнім часам ён мне вельмі падабаецца сваімі дзеяннямі”, — прыводзіць яго словы БелТА. — “У нас шмат пытанняў. Свет змяняецца вельмі хутка, з’яўляюцца новыя праблемы, якія мы з вамі павінны абмеркаваць. А магчыма, і вырашыць некаторыя пытанні”.
Нагадаем, сёння Reform.news са спасылкай на некалькі крыніц пісаў, што ў бліжэйшыя гадзіны афіцыйна будзе абвешчана аб вызваленні больш як 150 беларускіх палітвязняў.