На літоўскім кантрольна-прапускным пункце Мядзінінкай пры праверцы аўтобуса, які прыбыў з Беларусі, у адной з пасажырак у чамадане выявілі буйную суму наяўных, выведзеных з абарачэння і маркіраваных савецкай сімволікай. Сярод іх — сярпы і молаты, чырвоныя пяціканцовыя зоркі і іншыя сімвалы СССР, паведамілі ў прэс-службе Літоўскай мытні.
Пасажырцы не дазволілі ўезд у краіну — разам з чамаданам з грашыма яе адправілі назад у Беларусь.
Паводле заканадаўства Літвы распаўсюджванне, выкарыстанне або публічная дэманстрацыя сімвалаў нацысцкай Германіі, СССР або Літоўскай ССР забароненыя. Гэта датычыцца знакаў, якія могуць прапагандаваць ідэалогію таталітарных рэжымаў, агрэсію або злачынствы супраць чалавечнасці. Такія тавары не могуць быць задэклараваныя і ўвезеныя ў Літву.
“Сімвалы таталітарных рэжымаў не з’яўляюцца нейтральнымі гістарычнымі атрыбутамі. Гэта знакі, звязаныя з рэпрэсіямі, дэпартацыямі і ваеннымі злачынствамі”, – падкрэслілі ў мытні Літвы.





