Латвійскі тэлеканал TV3 у праграме Nekā personīga расказаў пра справу ў дачыненні да тэлеграм-чата «Антыфашысты Прыбалтыкі», якую з 2022 года вядзе Служба дзяржаўнай бяспекі. Яго ўдзельнікі падазраюцца ў працы на спецслужбы.
Паводле інфармацыі канала, за апошнія два тыдні былі затрыманыя як мінімум тры чалавекі, звязаныя з групай. Арышты заснаваныя на дакументах, якія трапілі ў распараджэнне арганізацыі «Цэнтр Дасье», звязанай з Міхаілам Хадаркоўскім.
Як паведамляе TV3, гэтыя матэрыялы паказваюць, што група была не проста клубам прыхільнікаў Расіі. Яе члены спрабавалі ўкараняцца на заводы па вытворчасці дронаў у Латвіі, збіралі інфармацыю пра перамяшчэнні ваеннай тэхнікі і пра тых, хто падтрымлівае Украіну. Напрыклад, ахоўнік крамы Ігар Андрэеў на працягу доўгага часу паведамляў расійскім спецслужбам пра наведвальнікаў з украінскай сімволікай і нумары аўтамабіляў, перадаваў Расіі персанальныя даныя людзей, якія ён атрымліваў на сваім працоўным месцы. Ён быў затрыманы і змешчаны пад варту.
Адзначаецца, што цяпер у Латвіі пад судом знаходзяцца двое ўдзельнікаў групоўкі — Таццяна Андрыец і Аляксандр Жгун. Астатнія — Сяргей Васільеў, Вікторыя Матуле, Раман Самуль і Станіслаў Букайнс — уцяклі ў Расію або Беларусь. У беларускіх дзяржаўных СМІ, як піша «Радыё Свабода», мільгалі імёны Вікторыі Матуле і Рамана Самуля.
