У івацэвіцкай папраўчай калоніі №22 «Ваўчыныя норы» адключана ацяпленне, піша Mayday.team. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пасля маразоў — а тэмпература 3 лютага апускалася да -25 градусаў — у калоніі разарвала трубаправодную сістэму.
Івацэвіцкая ПК-22 «Ваўчыныя норы» знаходзіцца ў 20 кіламетрах ад горада і абсталяваная на тэрыторыі былой савецкай вайсковай часткі. Фактычна яна размешчана на мяжы Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, бліжэйшая чыгуначная станцыя — Даманава.
Нагадаем, 30 студзеня праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў, што ў калоніі №22 зноў пачаўся ціск на палітвязняў. Ім пачалі выпісваць парушэнні па надуманых прычынах, прысвойваць ім статус «злосных парушальнікаў», а таксама накіроўваць у ШІЗА. Сярод тых, хто трапіў у штрафны ізалятар, — Артём Лебядзько, сын прадстаўніка Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Анатоля Лебядзькі.
