У Еўрапарламенце рыхтуюць рэзалюцыю па сітуацыі з Мікалаем Статкевічам

Навіны
Николай Статкевич на границе 11 сентября. Скриншот

У Еўрапарламенце рыхтуюць рэзалюцыю па сітуацыі з палітвязнем Мікалаем Статкевічам. Пра гэта паведаміў дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька, піша «Парламенцкі канал».

«Неабходныя крокі зробленыя, і папярэдняя праца праведзеная. Чакаем канчатковага рашэння, таму што існуе вялікая канкурэнцыя — і па тэмах, і па рэгіёнах. І мы чуем галасы, што Беларусі і так занадта шмат у парадку дня Еўрапарламента», — распавёў палітык.

«Толькі што ў Еўрапейскім парламенце ў Бруселі прайшла канферэнцыя высокага ўзроўню «Стварэнне падмурка для дэмакратычных перамен», прысвечаная перспектывам і выклікам дэмакратычных рэформаў у Беларусі. Падчас мерапрыемства адбылася прэзентацыя «Пазітыўнай альтэрнатывы для Новай Беларусі». На наступным тыдні — уручэнне прэміі Сахарава Анджэю Пачобуту. Але наша пасланне — Беларусі шмат не бывае, чым больш, тым лепш», — дадаў ён.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў сярод 52 палітвязняў, якія былі вызваленыя 11 верасня. Усіх палітвязняў вывезлі ў Літву. Аднак Мікалай Статкевіч адмовіўся выязджаць, ён выбег з аўтобуса і застаўся на тэрыторыі Беларусі. Некалькі гадзін ён знаходзіўся паміж двума пунктамі пропуску, пазней яго вывезлі людзі ў масках.

У СМІ з’яўлялася інфармацыя, што Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў калоніі ў Глыбокім, аднак афіцыйна гэтыя звесткі так і не былі пацверджаныя.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны