У Дзень салідарнасці з палітвязнямі, які адзначаецца 21 мая, праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў актуальныя даныя пра палітвязняў у Беларусі.
Па стане на 21 мая 2026 года ў месцах пазбаўлення волі ўтрымліваецца 841 палітвязень, з якіх 727 мужчын і 114 жанчын. Як мінімум 168 з іх знаходзяцца ў асаблівай групе рызыкі. З іх мінімум 60 чалавек у цяжкім стане здароўя, 8 маюць інваліднасць, 26 чалавек старэйшыя за 60 гадоў, 9 пакутуюць на псіхічныя разлады. За кратамі ўтрымліваюцца 26 шматдзетных бацькоў і як мінімум 17 замежных грамадзян.
37 чалавек знаходзяцца ў складаных сямейных абставінах. Гэта адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, дзе абодва бацькі ўтрымліваюцца за кратамі. За кратамі знаходзяцца 26 шматдзетных бацькоў. Сярод іх 6 жанчын. Гэта 48-гадовая Ганна Аблаб, 59-гадовая Жанна Абрамчык, 46-гадовая Вікторыя Дамастой, 53-гадовая Надзея Лапцёнак, 47-гадовая Аксана Малочка, 60-гадовая Лукер’я Міронцава.
З 2020 года ў зняволенні загінулі 9 палітвязняў. За кратамі памерлі 50-гадовы актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак, 36-гадовы грамадзянін Расійскай Федэрацыі Андрэй Паднябенны, 61-гадовы Валянцін Штэрмер, 22-гадовы грамадзянін Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Шлетгаўэр, 51-гадовы бізнесмен Аляксандр Кулініч, 63-гадовы грамадскі актывіст Ігар Леднік, 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько, 57-гадовы мастак Алесь Пушкін, 61-гадовы палітвязень блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч.
Былыя вязні працягваюць распавядаць пра катаванні, збіццё і нечалавечыя ўмовы ўтрымання.
Дзень салідарнасці з палітвязнямі ініцыяваны «Вясной» у памяць пра Вітольда Ашурка, які загінуў у шклоўскай калоніі ў 2021 годзе.