Беларуская сетка фільммейкераў (Belarusian Filmmakers’ Network — BFN) абвясціла прыём заявак на Трэці з’езд у фармаце «антыканферэнцыі». Імпрэза пройдзе 13–15 сакавіка 2026 года ў Варшаве і будзе прысвечана стратэгіі развіцця супольнасці.
Сёлетні BarCamp+ арганізатары пазіцыянуюць як працоўную сесію. Асноўная мэта — выпрацаваць мадэль кіравання і прыняць рашэнне аб рэгістрацыі BFN як юрыдычнай асобы. На парадку дня таксама размеркаванне зон адказнасці і пошук інструментаў рэальнай падтрымкі кінематаграфістаў.
Хто такія BFN?
Беларуская сетка фільммейкераў (BFN) — гэта гарызантальная ініцыятыва, якая мае на мэце развіццё беларускага незалежнага кіно і ўключэнне айчынных аўтараў у глабальны індустрыяльны кантэкст. Сярод найбольш заўважных актыўнасцяў сеткі — не толькі нефармальныя баркэмпы, але і Інкубатар мікрабюджэтнага кіно.
Гэты праект дапамагае аўтарам увасабляць у жыццё ідэі з мінімальнымі рэсурсамі пры патранаце беларускіх і замежных практыкаў. Менавіта ў межах Інкубатара быў створаны фільм «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі, які, трапіўшы на пітчынг Котбускага кінафестывалю, быў адабраны ў праграму «Форум» Берлінале-2025. На BarCamp+ у Варшаве арганізатары плануюць абмеркаваць, як маштабаваць падобныя інструменты падтрымкі.
Што ў праграме сакавіцкай сустрэчы?
У 2026 годзе амбіцыі арганізатараў выраслі да стварэння афіцыйнай структуры. На BarCamp+ плануюць:
-
Выпрацаваць механізмы прыняцця супольных рашэнняў.
-
Абмеркаваць мадэль функцыянавання будучай арганізацыі.
-
Сфармуляваць канкрэтныя запыты і магчымасці падтрымкі для фільммейкераў.
«Мы верым, што разнастайны прафесійны досвед нашых калег можа стаць падмуркам для дзейснай інфраструктуры. Гэта не проста канферэнцыя, а прастора, дзе кожны ўплывае на тое, якім будзе незалежнае беларускае кіно заўтра», — кажа кіраўнік Belarusian Filmmakers’ Network Леанід Каліценя.
Умовы ўдзелу і дэдлайны
Да ўдзелу запрашаюцца дзейныя фільммейкеры. Арганізатары вызначылі наступныя тэрміны падачы заявак:
-
Да 8 лютага — для тых, каму патрэбна візавая падтрымка.
-
Да 11 лютага — для тых, хто плануе прыехаць самастойна.
Фінансавыя ўмовы:
-
Для чальцоў BFN: удзел бясплатны, прадугледжана кампенсацыя выдаткаў на праезд, жытло і харчаванне.
-
Для іншых удзельнікаў і ўдзельніц: рэгістрацыйны ўнёсак складае 10 еўра. Гэтыя сродкі будуць накіраваныя ў фонд падтрымкі мікрабюджэтнага незалежнага беларускага кіно. Кампенсацыя дарогі і жытла для гэтай катэгорыі не прадугледжваецца.
Падаць заяўку можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
