Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у размове з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім выказаў пажаданне, каб мірнае пагадненне з РФ было дасягнута цягам месяца. Пра гэта піша Axios са спасылкай на крыніцы.
Размова працягвалася 30 хвілін. У ёй таксама прымалі ўдзел Джарэд Кушнер і Стыў Уіткаф. Яна адбылася перад сустрэчай украінскай і амерыканскай перамоўных каманд у Жэневе.
Яшчэ адна крыніца з украінскіх чыноўнікаў паведаміла, што Зяленскі падзякаваў Трампу за ўсю аказаную дапамогу і сказаў, што толькі Трамп можа прымусіць Пуціна спыніць вайну.
«Затым Зяленскі сказаў, што спадзяецца на заканчэнне вайны ў гэтым годзе, на што Трамп адказаў, што вайна доўжыцца занадта доўга, і сказаў, што хацеў бы, каб яна скончылася праз месяц», – цытуе выданне крыніцу.
Раней СМІ пісалі, што Трамп хоча завяршыць вайну да лета. У гэтым годзе будзе адзначацца 250 гадоў незалежнасці ЗША.
