Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сацыяльнай сетцы Truth Social абвясціў пра адпраўку ў Польшчу 5000 салдат.
“Грунтуючыся на паспяховым абранні цяперашняга прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага, якога я з гонарам падтрымаў, і на нашых адносінах з ім, я рады абвясціць, што Злучаныя Штаты накіруюць у Польшчу дадаткова 5000 вайскоўцаў. Дзякуем вам за ўвагу да гэтага пытання!” — напісаў ён.
Заяве папярэднічалі перамовы ваенных ведамстваў ЗША і Польшчы.
Раней у СМІ з’явілася інфармацыя пра затрымку перакідкі ў Польшчу амерыканскага падраздзялення ў рамках ратацыі. Пазней Пентагон паведаміў, што ЗША скарачаюць колькасць брыгадных баявых груп, дыслакаваных у Еўропе, з чатырох да трох. У рамках гэтых мер “адбываецца часовая затрымка разгортвання амерыканскіх войскаў у Польшчы”.