Суд раёна Варшава-Сродмесце прызначыў пасяджэнне па справе аб нападзе на намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі і кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушку. Пасяджэнне па разглядзе абвінаваўчага заключэння ў дачыненні да Яўгена Казанцава адбудзецца 5 сакавіка 2026 года, паведамляе прэс-служба АПК.
Нагадаем, напад адбыўся 2 ліпеня 2025 года падчас урачыстага мерапрыемства, прысвечанага 35-годдзю Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта. Нападнікам аказаўся 33-гадовы беларус Яўген Казанцаў. Ён кінуў у палітыка сметніцу. Казанцава аштрафавалі і дэпартавалі з Польшчы.
Яўгену Казанцаву прад’яўлены абвінавачанні па артыкулах аб паклёпе і парушэнні фізічнай недатыкальнасці (ч. 1 арт. 212 і ч. 1 арт. 217 Крымінальнага кодэкса Польшчы).
Паводле слоў Латушкі, напад адбыўся на фоне раней атрыманых пагроз жыццю і здароўю, а таксама пасля публічных дэзінфармацыйных заяў у дачыненні да палітыка, распаўсюджаных Аляксандрам Лукашэнкам 1 ліпеня 2025 года.
