Банк Расіі падаў у Арбітражны суд Масквы позву да еўрапейскага дэпазітарыя Euroclear на суму 18,17 трлн расійскіх рублёў. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу суда.
Па бягучым курсе гэта складае 195,5 млрд еўра. Як раней паведамлялі ў прэс-службе расійскага цэнтрабанка, сума складаецца з заблакаваных сродкаў Банка Расіі, кошту заблакаваных каштоўных папер і ўпушчанай выгады.
Усяго ЕС і краіны G7 замарозілі каля 300 млрд еўра расійскіх актываў, 185 млрд еўра знаходзяцца ў дэпазітарыі Euroclear.
Абвяшчаючы аб падачы позвы на мінулым тыдні, у Банку Расіі заявілі, што будуць перашкаджаць любым спробам выкарыстоўваць расійскія актывы. Нагадаем, у ЕС прынялі рашэнне аб бестэрміновай замарозцы актываў, а таксама абмяркоўваюць «рэпарацыйны» крэдыт Украіне за кошт гэтых сродкаў.