Міхаіл Лапуноў, бацька выдваранага з Беларусі былога палітвязня Мікіты Залатарова, прыгавораны да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Як стала вядома праваабаронцам “Вясны”, ён утрымліваецца ў ваўкавыскай калоніі № 11.
Міхаіла затрымалі ў жніўні 2023 года. Спачатку яго 4 разы запар накіроўвалі на 15 сутак па адміністрацыйных справах. Пакуль ён знаходзіўся пад адміністрацыйным арыштам, КДБ прызнаў закрыты Telegram-чат «Гомель за Мікіту Залатарова» “экстрэмісцкім фарміраваннем”.
Уладальнікам чата з’яўляўся Міхаіл Лапуноў. На гэтай падставе супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу па артыкулах аб “стварэнні экстрэмісцкага фарміравання” і “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці”. У жніўні 2024 года Гомельскі абласны суд вынес прысуд. 22 лістапада 2024 года Міхаіла ўнеслі ў “спіс экстрэмістаў”. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем яшчэ ў перыяд адміністрацыйнага арышту.
Нагадаем, сын Міхаіла, Мікіта Залатароў, быў затрыманы 11 жніўня 2020 года, калі яму было 16 гадоў. Паводле яго слоў, у той дзень ён не ўдзельнічаў у пратэстах, а ехаў да бацькі на рыбалку. 19 сакавіка 2025 года Мікіту памілавалі і выслалі з краіны. Зараз яму 21 год. У зняволенні ён правёў 5 гадоў і 7 месяцаў. Мікіта пакутуе на эпілепсію. Ён расказаў, што тры дні перад вызваленнем ляжаў пад кропельніцамі ў бальніцы.
