Сярэдні заробак у красавіку знізіўся на 22,9 рубля пасля росту ў сакавіку на 232,8 рубля. Ён склаў 2952,9 рубля да выплаты падаходнага падатку. Пра гэта паведаміў Белстат.
У рэальным выражэнні з папраўкай на інфляцыю сярэдні заробак па краіне вырас на 6,7% у параўнанні з красавіком мінулага года.
У Мінску красавіцкі сярэдні заробак склаў 3889,4 рубля, скараціўшыся за месяц на 132,8 рубля. У рэальным выражэнні сталічны сярэдні заробак за год павялічыўся на 4,5%. У Мінскай вобласці сярэдні заробак у красавіку быў крыху менш за 3000 рублёў. У Брэсцкай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях ён перавысіў 2600 рублёў. Самым нізкім быў сярэдні заробак у Магілёўскай вобласці. Ён склаў 2472,5 рубля, павялічыўшыся за год у рэальным выражэнні на 7,3%.
Першае месца ў зарплатным рэйтынгу ў красавіку займалі работнікі пасажырскага паветранага транспарту. Іх сярэдні заробак склаў 7464,2 рубля. На другім — прадстаўнікі IT з 7394,8 рубля, на трэцім — работнікі дапаможнай дзейнасці ў сферы фінансавых паслуг і страхавання з 7230,7 рубля.
Самы нізкі заробак сярод галін, паводле даных Белстата, атрымлівалі ў сакавіку работнікі цырульняў і салонаў прыгажосці. Ён склаў 1582,2 рубля. Работнікі музеяў, бібліятэк і архіваў мелі 1788,1 рубля, а творчай дзейнасці і забаў — 1854,8 рубля.
Сярэднія заробкі ў раслінаводстве склалі ў красавіку 2571,5 рубля, у жывёлагадоўлі — 2434,9 рубля. У апрацоўчай прамысловасці сярэдні заробак склаў 3008,2 рубля, а ў горназдабыўной — 4621,5 рубля.
У будаўніцтве ў сярэднім да выплаты падаткаў атрымалі 3722,8 рубля, а ў рознічным гандлі — 2364,7 рубля.
Сярэдні заробак у ахове здароўя складаў 2465,4 рубля, а ў адукацыі — 2091,3 рубля.
