У суд накіравана крымінальная справа ў дачыненні да 14-гадовага падлетка, якога абвінавачваюць у крадзяжы і рабаванні. Пра гэта паведамілі ў пракуратуры Фрунзенскага раёна, піша “Мінск-Навіны”.
Паводле звестак следства, падлетак прыйшоў у госці да свайго знаёмага, які пражывае на вуліцы Чычурына. Бацькі з’ехалі за горад, таму прыяцелі былі ў кватэры ўдваіх. Скарыстаўшыся тым, што знаёмы адцягнуўся на тэлефонную размову, госць забраў са спальні трохлітровы слоік з грашыма — купюрамі і манетамі. Ён вынес яго на лесвічную пляцоўку, а пазней, ідучы дадому, забраў са слоіка ўсе грошы. Агульная сума скрадзенага склала 1400 рублёў. Частку грошай падлетак патраціў на куплю самаката і паездку на таксі, астатняе пасля страціў.
У той жа вечар бацькам школьніка патэлефанавалі з міліцыі і запрасілі прыбыць у Фрунзенскае РУУС. Падлетак прызнаўся ў зробленым.
Праз менш як месяц ён здзейсніў яшчэ адно злачынства. Увечары, катаючыся на самакаце ў парку імя Уга Чавеса, падлетак адабраў у васьмігадовага хлопчыка 6 рублёў 40 капеек і схаваўся. Выкрадзеныя грошы ён выдаткаваў на напой і локшыну хуткага прыгатавання.
У дачыненні да непаўналетняга была ўзбуджана крымінальная справа па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса.
“Абвінавачаны навучаецца ў сёмым класе адной са сталічных школ, раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, — распавёў намеснік пракурора Фрунзенскага раёна Андрэй Сярбун. — Яму прад’яўлена абвінавачанне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 205 КК («Крадзеж») і ч. 2 арт. 206 («Рабаванне»). Віну юнак цалкам прызнаў, шкоду пацярпелым кампенсавалі яго бацькі”.
У якасці меры стрымання абрана змяшчэнне непаўналетняга пад нагляд бацькоў.
