Служба бяспекі Украіны затрымала інфарматара расійскай ФСБ, якая карэктавала расійскія ракетна-дронавыя ўдары па Краматорску. Жанчына працавала завучам у адной са школ Краматорска.
ФСБ звярнула ўвагу на завуча падчас яе паездкі ў Беларусь на пачатку поўнамаштабнай вайны. Супрацоўніцтва было актывавана летам 2025 года.
Жанчыне даручылі адсочваць лакацыі ВСУ ў Краматорску. Для гэтага яна гуляла па горадзе і фіксавала найбольшае засяроджанне ўкраінскіх вайскоўцаў і тэхнікі.
Таксама завуч спрабавала завуалявана даведвацца разведвальную інфармацыю ў сваіх знаёмых падчас побытавых размоў. Атрыманую інфармацыю яна перадавала расійскаму куратару праз мэсэнджар.
Супрацоўнікі СБУ затрымалі жанчыну па месцы жыхарства. Ёй прад’яўлена абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе ва ўмовах ваеннага становішча.
