У Расіі рыхтуюцца законапраекты, якія павінны змяніць правілы ўвозу тавараў з краін ЕАЭС. Пра гэта піша “Коммерсантъ”. Іх павінна разгледзець камісія ўрада па законапраектнай дзейнасці.
Гаворка ідзе пра ўвядзенне сістэмы пацвярджэння чакання тавараў, якая прадугледжана планам па абяленні эканомікі. Абмеркаванне вядзецца з восені мінулага года.
Законапраекты закрануць пастаўкі праз межы РФ з Беларуссю і Казахстанам. Імпарцёраў хочуць абавязаць інфармаваць пра будучую пастаўку тавараў мінімум за двое сутак. Адпаведны дакумент трэба будзе фарміраваць у сістэме. У ім павінны быць указаны даныя пра імпарцёра, пастаўшчыка, коды ТН ВЭД, колькасць і кошт тавараў у пастаўцы. Акрамя таго, імпарцёр павінен будзе ўнесці на рахунак аператара сістэмы забеспячэнне выплаты ўскосных падаткаў (ПДВ і акцызу), разлічаных па гэтых даных. Пасля спагнання плацяжоў астатак будзе вяртацца на рахунак заяўніка ў падатковых органах. Завяршыўшы гэтыя працэдуры, імпарцёр атрымае QR-код, які неабходна будзе прад’яўляць супрацоўнікам мытні пасля перасячэння мяжы для «выбарачнага кантролю». Мытня будзе правяраць адпаведнасць інфармацыі, якую атрымае па спасылцы, з перавозачнымі дакументамі. Пры выяўленні неадпаведнасці перавозчыку выдадуць прадпісанне пакінуць тэрыторыю РФ.
Выданне адзначае, што праект пра сістэму фактычна ўводзіць унутраны падаткова-мытны кантроль на межах, скасаваны пры стварэнні ЕАЭС. А патрабаванні аказваюцца нават больш жорсткімі, чым пры ўвозе з-за межаў ЕАЭС. Краіны саюза могуць расцаніць рэалізацыю праекта як стварэнне бар’ера ўнутры ЕАЭС.
