Уладзімір Пуцін прапанаваў вярнуцца да абмеркавання «архітэктуры еўрапейскай і глабальнай бяспекі», з ініцыятывай якой выступала РФ, і заявіў, што Расія працягне паслядоўна дамагацца пастаўленых перад сабой мэтаў. Гэта прагучала на цырымоніі ўручэння даверчых грамат пасламі замежных дзяржаў у Аляксандраўскай зале Вялікага Крамлёўскага палаца.
«Нагадаю, што Расія неаднаразова выступала з ініцыятывамі пабудовы новай, надзейнай і справядлівай архітэктуры еўрапейскай і глабальнай бяспекі. Мы прапаноўвалі варыянты і рацыянальныя рашэнні, якія маглі б задаволіць усіх у Амерыцы, Еўропе, Азіі, ва ўсім свеце. Лічым, што да іх прадметнага абмеркавання варта было б вярнуцца, каб замацаваць тыя ўмовы, на якіх можа быць дасягнута — і чым хутчэй, тым лепш — мірнае ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне», — перадае яго словы прэс-служба Крамля.
Паводле сцвярджэння Пуціна, Расія імкнецца «да доўгатэрміновага і ўстойлівага міру, які надзейна стварае бяспеку ўсіх і кожнага».
«Не ўсюды, у тым ліку ў Кіеве і сталіцах, якія яго падтрымліваюць, да гэтага гатовыя. Але мы спадзяёмся, што ўсведамленне такой неабходнасці рана ці позна прыйдзе. Пакуль жа гэтага няма, Расія працягне паслядоўна дамагацца пастаўленых перад сабой мэтаў», — прыгразіў ён.
